Дапамога людзям з інваліднасцю: рамонт у Мінпрацы — 510 тысяч, субтытры — 238

Дапамога людзям з інваліднасцю: рамонт у Мінпрацы — 510 тысяч, субтытры — 238

Агулам на безбар’ернае асяроддзе ў бюджэце-2018 вылучаная даволі салідная сума — 978 тысяч рублёў, гэта 489 тысяч долараў.

Але паглядзім, каму пойдуць такія грошы.

Упраўленне справамі прэзідэнта атрымае 510 тысяч (гэта больш за палову). 238 тысяч —“Белтэлерадыёкампанія”, 116 тысяч — Мінінфармацыі, 34 тысячы — Міністэрства ўнутраных спраў, 49 тысяч — камітэт па стандартызацыі. Міністэрства аховы здароўя — толькі 11 тысяч рублёў.

Цікавімся ва Упраўленні справамі прэзідэнта, на што пойдуць гэтыя 510 тысяч рублёў.

“Мы займаемся ўсімі будынкамі, дзе знаходзяцца дзяржаўныя органы. Пакуль гэтыя сродкі накіруюць на будынак Мінпрацы. Гэта не толькі пандус, там рэканструкцыя, капітальны рамонт, праца праекціроўшчыкаў, праектна-каштарысная дакументацыя”.

На самай справе рамонт у будынку Мінпрацы ідзе даўно, апроч пандуса будуць пераўладкаваныя пад інвалідаў ліфты і прыбіральні.

Што цікава, пандус на ўваходзе ў будынку Мінпрацы есць і сёння, нават два пандусы!

На думку каардынатара офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, Мінпрацы патрэбны не толькі пандус.

“Тое, што там ёсць, называецца “якасным пандусам”, ён праблематычны і не адпавядае ніякім міжнародным нормам. Можна знайсці, канечне, тое, што каштуе меншых грошай. Магчыма, грошы пойдуць на рэканструкцыю будынка, тады гэта нармальныя грошы”, — кажа Сяргей Драздоўскі.

“Белтэлерадыёкампанія” патраціць свае 238 тысячы рублёў на субтытры.

“У нас існуе сурдапераклад, у гэтым годзе з’явіліся схаваныя субтытры”.

Перадачы і фільмы, дзе сёння ёсць схаваныя субтытры, пазначаюцца ў тэлепраграме пазнакай у дужачках (СТ). Напрыклад, 22 снежня перадач і фільмаў з субтытрамі ўсяго некалькі: адзін па “Беларусь-1” — “Дзіцячы доктар”, адно шоў па “Беларусь-2”, чатыры фільмы па “Беларусь-3.

Паводле Сяргея Драздоўскага, на субтытры грошы трэба, але найбольш яны патрэбныя якраз Міністэрству ўнутраных спраў, а дакладней Дэпартаменту выканання пакаранняў, каб паставіць пандусы ў месцах пазбаўлення волі.

У 2018 годзе дэпартаменту выканання пакарання пойдзе 18 тысяч рублёў.

Агулам МУС атрымае 34 тысячы з грошаў на “безбар’ернае асяроддзе для інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі