Дапамога спазняецца? Чаму яшчэ не працуе амерыканскі ленд-ліз для Украіны
Зброя ідзе ва Украіну і па іншых механізмах / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ленд-ліз для Украіны стаў другім у гісторыі падобным актам, прынятым ЗША, пасля Другой сусветнай вайны. Падпісаны 9 траўня закон аб ленд-лізе дазволіць Вашынгтону перадаваць узбраенне і амуніцыю без аплаты — вяртаць грошы за іх Украіне трэба будзе пазней і толькі за ацалелае і не вернутае. Але вось прайшло больш за два месяцы, а зброя па ленд-лізе ва Украіну яшчэ не ідзе. Чаму гэта адбываецца і што азначае, разабралася Еўрарадыё.
Спярша — тое, за што не трэба аддаваць грошы
Ленд-ліз — не адзіная праграма дапамогі Украіне ад ЗША. Больш за тое, тут галоўнае не сама праграма, а прынцып яе работы: ёсць арэнда з адкладзеным плацяжом (як ленд-ліз), існуе "класічны" продаж тэхнікі, але ёсць і бязвыплатная дапамога.
Цалкам выдаткаваць усе вылучаныя Кангрэсам грошы трэба да канца фіскальнага года — гэта значыць да канца верасня. Інакш сродкі проста "згараць". А гэта не вельмі пажаданы сцэнар, асабліва ўлічваючы тое, што вяртаць грошы, вылучаныя па гэтай праграме, не трэба.
Ленд-ліз мае большы тэрмін прыдатнасці, але і патрэбны больш
Ленд-ліз разлічаны на 2022–2023 гады, гэта значыць у канцы верасня, у адрозненне ад дапамогі кангрэсменаў, у "гарбуз" не ператворыцца.
"Цяпер мы ставім у прыярытэт дапамогу для бяспекі Украіны, за якую ім пазней не трэба будзе вяртаць сродкі", — сказаў "Голасу Амерыкі" чыноўнік Белага дома.
Як тлумачыў каардынатар Савета па нацбяспецы ЗША Джон Кірбі, Белы дом мае шмат опцый дапамогі, акрамя ленд-лізу, але і яго магчымасці "вывучаюцца". Іншыя опцыі — гэта ўжо згаданыя вылучаныя Кангрэсам грошы, а таксама "спецыяльныя паўнамоцтвы" прэзідэнта, якія дазваляюць яму адпраўляць на працягу фінансавага года пэўную колькасць узбраення ў іншыя краіны. Акрамя таго, ЗША могуць не толькі наўпрост перадаваць узбраенні ва Украіну, але і кампенсаваць еўрапейскім партнёрам іх пастаўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.