"Дармаедам" не давядзецца плаціць 100% "камуналкі" за студзень
Зацвярджэнне спісаў працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і аплачваюць камунальныя паслугі з поўным пакрыццём выдаткаў, урад вырашыў перанесці. Таксама кіраўніцтва Беларусі вырашыла дадаткова інфармаваць тых, хто трапіў у спісы "дармаедаў", інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Адпаведныя спісы мусілі быць сфармаваныя на 1 студзеня 2019 года. Адпаведна, "дармаедам" мусілі прыйсці жыроўкі з 100-адсоткавай аплатай гарачай вады ўжо ў лютым.
Паведамляецца, што спісы "дармаедаў" па стане на 1 лютага складзеныя. У Міністэрстве працы запэўніваюць, што тых, хто трапіў у гэтыя спісы, папярэдзяць у жыроўках за студзень. "Пры гэтым налічэнне платы за паслугу гарачага водазабеспячэння па поўным тарыфе за студзень 2019 года выраблена не будзе", — кажуць чыноўнікі.
Гэта дазволіць тым, хто трапіў у спіс, на працягу лютага заявіць пра сваю працу або цяжкую жыццёвую сітуацыю. Калі такія грамадзяне на працягу месяца не пададуць такія звесткі, то ім у сакавіку прыйдуць жыроўкі за люты з улікам пераразліку за студзень 2019 года.
Пра тое, ці трапіў чалавек у спіс "дармаедаў", можна даведацца пры аплаце камунальных паслуг праз АРІП. А з 11 лютага — на партале дзяржаўных паслуг праз электронную паслугу 3.33.04.2 пры наяўнасці ЭЛП або ўнікальнага ідэнтыфікатара — лагіна і пароля.