"Дармаеды" ў Беларусі пачалі атрымліваць SMS (фотафакт)
"Дармаеды" ў Беларусі пачалі атрымліваць SMS. У ім паведамляецца, што яны трапілі ў базу асобаў, не занятых у эканоміцы, і прапануецца звярнуцца ў камісію па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, інфармуе сайт brestcity.com.
Летась на Адзіным партале электронных паслуг змясцілі "базу дармаедаў", у ёй — каля 500 тысяч чалавек. Кожны мог праверыць, ці не трапіў ён у яе. Для гэтага трэба ў службе "адно акно" атрымаць логін і пароль. Але беларусы не вельмі актыўна цікавіліся гэтай базай. У пачатку студзеня такіх было больш за 1500 чалавек.
Калі ж высветліцца, што нехта трапіў у базу памылкова, трэба будзе звязацца з камісіяй па месцы рэгістрацыі. Ёй трэба даслаць ці прынесці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Камісія іх разгледзіць і прыме рашэнне аб выключэнні чалавека з "чорнага спісу".
З 1 сакавіка 2019 года "дармаедам" абмяжуюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве ці набыцці жылля.