Дар’я Домрачава змяніла лыжы, але была ў спрынце толькі 7-й
Дар’я Домрачава змяніла лыжы, але была ў спрынце толькі 7-й. У чацвер, 4 студзеня, у нямецкім Оберхофе стартаваў чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Акрамя Домрачавай, у жаночым спрынце на 7,5 км удзельнічалі беларускі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава і Дынара Алімбекава. Выступілі яны не лепшым чынам: Крыўко — 17-я, Скардзіна — 33-я, Пісарава — 61-я, Алімбекава — 63-я. Апошнія дзве спартсменкі не трапілі ў гонку пераследавання. У Дар’і Домрачавай, Надзеі Пісаравай, Дынары Алімбекавай былі па два промахі, у Ірыны Крыўко і Надзеі Скардзіна — па адным.
Дарэчы, Домрачава ўлічыла праблемы з лыжамі на папярэдніх этапах, сёння яна выступала на лыжах фірмы “Fischer”, як і ў мінулыя гады. Можна меркаваць, што асабісты кантракт біятланісткі з фірмай “Rossignol” быў скасаваны. У спрынце на лыжні ў Дар’і зафіксавалі трэцюю хуткасць. Пасля фінішу яна прызналася, што шмат часу страціла падчас стральбы стоячы і гэта паўплывала на вынік.
Спрынт выйграла Анастасія Кузьміна са Славакіі (Дар’я Домрачава ёй прайграла 1 хвіліну і амаль 8 секунд), на другім месцы — фінка Кайса Мякярайнен, на трэцім — Вераніка Віткава з Чэхіі. Усе яны дапусцілі толькі па адным промаху.
5 студзеня ў Оберхофе пройдзе мужчынскі спрынт, пачатак у 16:15. У складзе беларускай зборнай Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Раман Ялетнаў і Дзмітрый Абашаў.
what a difficult day for all the women out there: hard on the range and on the track, but we have a stellar top 3 at the moment in #OBE18 check the end of this sprint on https://t.co/Z1cUg23KzH pic.twitter.com/qRdpgx5krs
— IBU World Cup (@IBU_WC) 4 января 2018 г.