Дашкевіч напісаў заяву ў Генпракуратуру наконт знесеных крыжоў у Курапатах

Дашкевіч напісаў заяву ў Генпракуратуру наконт знесеных крыжоў у Курапатах

Зміцер Дашкевіч падрыхтаваў заяву ў Генпракуратуру наконт крыжоў, знесеных у Курапатах. Пра гэта актывіст напісаў у сваім акаўнце ў Facebook. 

Нагадаем, што 4 красавіка на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў у Курапатах былі знесеныя 70 крыжоў, усталяваных па перыметры ўрочышча. Гэтыя дзеянні Дашкевіч назваў "актам дзяржаўнага вандалізму".

У сваёй заяве актывіст падкрэслівае, што крыжы ўсталёўваў ён з сябрамі год таму і мае квіткі на большую частку матэрыялаў (дрэва, жалеза, прапіткі). "Таму расцэньваем гэты вандалізм як крадзеж маёмасці сотняў людзей, якія ахвяроўвалі грошы на крыжы і іх усталёўвалі. Звяртаю ўвагу, што ўсё гэта было зроблена без ніякіх на тое дакументаў і юрыдычных рашэнняў", — заяўляе Дашкевіч. 

Ён адзначае, што да 24 крыжоў, усталяваных з заходняга боку Курапатаў (насупраць рэстарана "Поедем поедим"), Бараўлянскі выканкам не выказваў ніякіх прэтэнзіяў. За 33 крыжы з усходняга боку Курапатаў (з боку "Экспабела") Мінскі райвыканкам даў штраф за працы, але не выказваў прэтэнзіі да саміх крыжоў. 

"13 крыжоў былі ўсталяваны з паўночнага боку Курапатаў (з боку дарогі Заслаўе — Калодзішчы), і гэтымі крыжамі займалася ўжо трэцяя (!) інстанцыя — Мінскаблдзяржбуд, які выказаў прэтэнзіі і да працаў, і да саміх крыжоў. АЛЕ! Але першае рашэнне Мінскаблдзяржбуда аб штрафе за ўсталёўку крыжоў мы паспяхова абскардзілі ў Цэнтральным судзе Мінска — штраф быў адменены. Пасля гэтага Мінскаблдзяржбуд, адразу пасля вялікай размовы Лукашэнкі, фактычна паўтарыў сваё адмененае рашэнне і выпісаў штраф. Але і гэтае рашэнне абскарджвалася!" — піша Дашкевіч.

Ён прызнае, што "Мінскаблдзяржбуд" накіраваў прэтэнзію пра дэмантаж 13 крыжоў да шасці чалавек. Аднак актывіст звяртае ўвагу на некалькі акалічнасцяў:

"1. Прэтэнзія была падпісана 1 красавіка і прыйшла да нас у паштовыя скрыні 5 красавіка, а крыжы знішчаны былі ўжо 4 красавіка.

2. Прэтэнзія патрабавала дэмантаваць крыжы да 19 красавіка, але, зноў жа, крыжы былі па-варварску знішчаны 4 красавіка.

3. Прэтэнзія тычылася 13 крыжоў, а знесены былі 70".

Дашкевіч патрабуе адказаць, чаму ім не далі магчымасці абскардзіць выстаўленую прэтэнзію, а знішчылі крыжы загадзя. Да таго ж знішчылі 70 крыжоў, хаця прэтэнзіі выстаўляліся да 13. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі