“Дай дарогу!” ― “Сквозь говно”

Іх апошняя электрычная праграма выйшла 4 гады таму. Здавалася б, на альбоме “Д.С.П.Г.” брэсцкія панкі так сунулі быдлу і мяшчанскай рэчаіснасці, што глыбей ужо няма куды. Але высветлілася, што ёсць! Гурт Юры Стыльскага пакрысе адыходзіць ад бытавухі і на новай пласцінцы “Сквозь говно” пачынае макаць тварам у бруд пачвару, назва якой ― дзяржава. А ў гэтым і ёсць вышэйшае прызначэнне панкаў!

06_-_10mln.mp3
“10 миллионов”


“10 миллионов”, “остаётся только кал” і “патрульный мент” ― смелыя пратэстныя песні. Але большай часткай рэпертуару “Дай дарогу!” па-ранейшаму застаецца з народам. “Сквозь говно” ― гэта зубадрабільшчына па матывах жыцця сацыяльных нізоў, лірыка на “сінюю” тэму і гімны простаму пацанскаму каханню, напалам шчасліваму і няўдаламу.

11_-_otravlenymozgi.mp3
“отравлены мозги”


 Ну як не паверыць у гэты крык душы? Кожная тэма, за якую бярэцца “Дай дарогу!”, атрымліваецца настолькі па-сапраўднаму, што мімаволі разумееш: хлопцы ведаюць, пра што спяваюць. Яны і ёсць героі сваіх песень ― маргіналы з будаўнічых пляцовак, сінюгі са спальных раёнаў, шчадралюбныя і таленавітыя маладыя волкі, безнадзейна закінутыя грамадствам і вымушаныя самастойна прадзірацца да зорак, але не per aspera, а скрозь лайно.

01_-_lopata.mp3
“лопата”

На “Сквозь говно” знайшлося месца некалькім песням з акустычнай зборкі, якую “Дай дарогу!” выпусцілі летась. Песні “в синих сандалях” і “уникальный” электрычнасць выраўняла і, як на мяне, ператварыла ў даволі стандартныя баевічкі для развясёлага танцпляца. А вось мядляк “переночевать” перакачаваў на новы альбом амаль без зменаў. Вось ён, густы, сакавіты і зноў модны лямпавы гук, за які берасцейцам можна паставіць помнік!

05_-_perenoczevat.mp3
“переночевать”

Уся гэтая раскоша раскладаецца на дзве гітары і бубны. Рытмавая аснова песень ДД! ― бас, на якім, як афігенскі маньяк, валіць Кірыл Скам’ін. Не згадаць пра яго ў рэцэнзіі немагчыма ― гэта не менш, як наш Flea!

13_-_janevedus.mp3
“я не ведусь”

“Дай дарогу!” сёння ― гэта нахабнае “хачу” і “магу” беларускай рок-музыкі. Здані яны дрыжачыя ці ўсё ж маюць права? Чарговы іспыт на трываласць гурт, узброены новым бубначом, здае ў Мінску 22 верасня.

07_-_ostaetsiatolkokal.mp3
“остаётся только кал”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі