Дэканам юрфаку БДУ прызначаны чалавек, звязаны з сілавікамі
Андрэй Шыдлоўскі / law.bsu.by
Дэканам юрыдычнага факультэта БДУ прызначаны 45-гадовы дацэнт кафедры крымінальнага права, кандыдат юрыдычных навук Андрэй Шыдлоўскі, паведамляе Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС).
Да гэтага Шыдлоўскі працаваў першым намеснікам дырэктара ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры і ўстаноў юстыцыі.
Новы дэкан мае ўзнагароды ад сілавікоў — Следчага камітэта і Генпракуратуры, а таксама падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі.
Шыдлоўскі з'яўляецца членам "Белай Русі" і таварыства "Веды", якое ўзначальвае прапагандыст Вадзім Гігін.
Акрамя таго, ён уваходзіць у навукова-кансультатыўныя саветы пры Генпракуратуры і Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў — удзельніц СНД.
Апошняя арганізацыя займаецца барацьбой з "тэрарызмам і экстрэмізмам", а таксама каардынуе дзейнасць дзяржаў СНД у гэтай сферы. У прыватнасці, навукова-кансультатыўны савет распрацоўвае планы і рэкамендацыі па правядзенні "контрпрапаганды" і барацьбы з "экстрэмізмам" у СНД, у тым ліку ў Беларусі.
Таксама Шыдлоўскі ўзначальвае беларускую філію "Саюза крыміналістаў і крымінолагаў".
Гэтая расійская арганізацыя, па дадзеных ЗБС, супрацоўнічае ў асноўным з сілавымі ВНУ, звязанымі з МУС і ФСБ РФ і іншымі дзяржарганізацыямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.