Дэпутат: Грамадства не саспела для закона “Аб абароне жывёл”

“Тэарэтычна дэпутаты могуць высунуць на абмеркаванне законапраект аб жывёлах. Але пакуль не будзем гэтага рабіць. Сёння грамадства яшчэ не гатовае, каб такі закон уводзіць. Пакуль рана, трэба яшчэ шэраг мер увесці, каб мы дараслі да гэтага”, — выказваецца Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстанні і Чарнобыльскай катастрофе Таццяна Кананчук.

Але закон такі распрацоўваецца ўжо 12 гадоў. Апошні законапраект ад экс-дэпутаткі Ларысы Вершаловіч быў нават прыняты ў першым чытанні. І зараз яго лёгка можна знайсці ў Палаце прадстаўнікоў, упэўненая былая заканадаўца.

“Дэпутат можа ўключыць у планы абмеркаванне законапраекта і абгрунтаваць гэта. Але ці захоча нехта нанова ўсё праходзіць… У архівах ён ёсць, а, можа, нават у нашай камісіі. Калі я працавала, у мяне былі ўсе законапраекты з 2001 года”, — прыгадвае Ларыса Вершаловіч. Значыць, праца не згубілася і даступная для сённяшніх дэпутатаў.

Таксама ініцыяваць разгляд праекта закона можа кіраўнік краіны ці ўрад. Якраз у Адміністрацыю прэзідэнта хочуць звярнуцца абаронцы жывёл, каб вандалаў і маньякаў, якія здзекуюцца з жывых істот, маглі пасадзіць у турму.

“Мы абмеркавалі зварот да ўладаў, каб увялі крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, а таксама прынялі механізм скарачэння колькасці бяздомных жывёл. Падпісаць зварот будзем прапаноўваць людзям у зааарганізацыях”, — тлумачыць Алёна Цітова, старшыня Грамадскага аб'яднання біёлагаў па абароне жывёл "Абаронім жыццё".

Але пра прыняцце закона гаворкі не вядзецца, бо на тое няма “волі чыноўнікаў”, абураецца Алёна Цітова. Размова ідзе толькі пра змены ў Крымінальным кодэксе.

“Ва ўлады няма на гэта волі. Усе прапановы абаронцаў жывёл былі адхіленыя. Мы сутыкнуліся з супраціўленнем чыноўнікаў, каб не прапусціць цывілізаваныя нормы, якія б баранілі жывёл”, — тлумачыць Алёна Цітова.

Першых ахвяраў мінскага вандала знайшлі яшчэ месяц таму, зараз іх каля дзясятка. Калі ў першых пацярпелых жывёлаў былі адсечаныя хвасты, то апошніх знаходзілі з адрэзанымі лапамі і нават са знятай скурай. Але, паводле сённяшняга заканадаўства, калі вандала і зловяць, то яму будзе пагражаць толькі штраф ці “суткі”.

Фота: mockwa.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі