Дэпутат: У бліжэйшы час у Беларусі могуць з'явіцца трацейскія суды

Законапраект “Аб ратыфікацыі дадатковага пратаколу да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю” ўхвалілі падчас пасяджэння 2 снежня беларускія парламентарыі. Неабходнасць ратыфікацыі гэтага дадатковага пратаколу намеснік старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Русак тлумачыць узмацненнем у нашай краіне барацьбы з карупцыяй. А згаданы пратакол прадугледжвае, як карупцыйную дзею, подкуп трацейскіх суддзяў і прысяжных. Чаго ў нас да гэтага часу няма.

Як вядома, закон “Аб трацейскіх судах” быў прыняты ў Беларусі ў 2011 годзе. Еўрарадыё пацікавілася ў дэпутата, калі ж у нас з’явяцца трацейскія суды і суддзі, калі закон наконт іх быў прыняты ажно 4 гады таму.

Русак: “Ну, закон аб трацейскіх судах ужо ёсць… Я дакладна не магу адказаць на гэта пытанне, але мяркую, што ў бліжэйшым часе гэты інстытут будзе існаваць”.

Цікава, што калі неабходнасць ратыфікацыі гэтага дадатковага пратакола да Канвенцыі парламентарыям тлумачыў генпракурор Аляксандр Канюк, то нават адмыслова адзначыў: нейкім чынам казаць пра ўтварэнне інстытута трацейскіх суддзяў у нашай краіне ён асцерагаецца. Бо казаць пакуль няма пра што.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі