Девятый миллиметр "Слова правды"
Першы ў свеце дыск у прыдуманай беларусамі стылістыцы.
Сённяшняя “Перадача-аглядача” для тых, хто любіць, паважае ды слухае панк. Але размова не пра, так бы мовіць, класічны панк ці яго асноўныя адгалінаванні тыпу пост-панк, поп-панк, ска-панк… Размова пра вынаходніцтва беларускага гурта “9мм” і іх дэбютны альбом “Слова правды”. Самі музыкі пазіцыянуюць яго першым дыскам у стылістыцы інтэлігентны панк у свеце!
Дык што ж такое гэты інтэлігентны панк? У прынцыпе, тое ж самае, што і звычайны! Той жа хуткі тэмп, кароткія па часе трэкі (на альбоме ад хвіліны пяцідзесяці да трох сарака), тая ж развязаная і часам агрэсіўная манера выканання, ну і, натуральна, накіраваныя на сацыяльныя праблемы тэксты. Для разумення гэтага дастаткова проста паглядзець на назвы трэкаў альбома: “Выбор”, “Зарплата”, “Г.К.Х.”, “Слова правды”.
Але ўсе гэтыя тэмы ўздымаюцца з пазіцыі гумару. То бок у песнях няма прамых пратэстаў ці выказванняў незадаволенасці чымсьці і, тым больш, сур’ёзных прапановаў па іх вырашэнні. Гэта хутчэй сцёб. Менавіта з-за такой падачы музыкі і вырашылі назваць свой стыль “інтэлігентным”.
“Апроч эмоцыі, якая прысутнічае ў стылістыцы панка, мы сваімі песнямі, тэкстамі ды ўсім астатнім спрабуем прымусіць людзей усё ж такі думаць, — тлумачыць уласнапрыдуманую стылістыку трубач ды канферансье гурта Міхаіл Есьман. — То бок, у нас не проста "мама анархия, папа стакан портвейна", а мы хочам данесці да людзей нейкія сацыяльныя тэмы, каб гэта ўсё не бяздумна было. Плюс — уключаем пэўную самаіронію. То бок, дадаем нейкага інтэлекту, як нам падаецца. Можа ў нас гэта і не атрымліваецца, але вельмі б хацелася".
Акампанемент у “9мм” просты, без мудрагелістасцяў, можна сказаць, што аранжыраванне заканчваецца фактам напісання песні. Але, з іншага боку, а як яшчэ мусіць быць у сапраўдных панкаў? Інакш гэтыя песні, хутчэй за ўсё, успрымаліся б зусім па-іншаму ці ўвогуле не ўспрымаліся б. У рэшце рэшт панк з’явіўся таму, што моладзь хацела граць, а не таму, што ўмела карыстацца музычнымі інструментамі, і гэта нікому не перашкаджала. Тым больш у нашых “інтэлігентаў” ёсць труба, і яна дадае агульнаму панкаўска-бруднаватаму гучанню пэўнага “скашнага” шарму.
Асобна варта адзначыць бонусны трэк гурта “9мм”, які выконваецца разам з Ганнай Хітрык. Вельмі нечакана пачуць вакалістку гурта Sounduk у такой кампаніі. Але, што праўда, гэта адзіны з адзінаццаці трэкаў альбома, які можна назваць сапраўды лірычным, хоць і даволі цяжкім. Магчыма, таму музыкі і вырашылі перанесці яго ў шэраг бонусаў.
Дарэчы, на загалоўную песню дыска “Слова правды” зняты кліп, ён быў упершыню паказаны на канцэртнай прэзентацыі альбому. Паводле слоў музыкаў, відэа на гэты трэк — “пра людзей, якія даведваюцца пра сябе праўду і выходзяць з сябе". У прынцыпе, цалкам увесь дыск можна лёгка падвесці пад гэтую канцэпцыю, вось толькі рэакцыі тых самых людзей, нажаль, убачаць хіба іх сябры, сваякі ды знаёмыя.
Падвядзем рысу: інтэлігентны панк адрозніваецца ад звычайнага тым, што ён нарадзіўся ў Беларусі, выкарыстоўвае трубу ды іранічныя тэксты, а таксама для гурта гэтай стылістыкі максімальны эпатаж заключаны ў рудавалосасці і выдатным пачуцці гумару аднаго з музыкаў. Хто не зразумеў, пра што размова, раім схадзіць на канцэрт, не пашкадуеце!
Трэк-ліст:
01. Выбор
02. Зарплата
03. Г.К.Х.
04. Весна
05. Про любовь
06. Слова правды
07. Лёха
08. 28
09. Кино
10. Хоровод
11. Бонус: 9мм+Sounduk — Звезда
Склад гурта:
Генадзь Уладзіміравіч Гаранскі — бубны
Міхаіл Іванавіч Есьман — труба
Сяргей Аляксандравіч Рудэня — вакал, гітара
Юры Аляксеевіч Таценка — бас
Над дыскам працавалі:
Алег Эдуардавіч Даманчук — гукарэжысёр (студыя Maple Tree)
Валеры Аляксандравіч Кандрацьеў — звядзенне, майстрынг
Марыя Аляксандраўна Мухіна — дызайн дыска