“Для гэтай дзяўчынкі я буду зарэзерваваны як донар цягам двух гадоў"

“Для гэтай дзяўчынкі я буду зарэзерваваны як донар цягам двух гадоў"

Польскі паліцэйскі Анджэй Вашак з горада Слубіцэ, што на мяжы з Германіяй, дапамог цяжка хворай пяцігадовай беларускай дзяўчынцы, паведамляла Польскае  радыё. У 2014 годзе Анджэй Вашак зарэгістраваўся ў сістэме донараў касцявога мозгу. Каб правесці такую аперацыю, донар і пацыент мусяць быць “генетычнымі блізнятамі”. Так адбылося з беларускай дзяўчынкай.

Анджэй Вашак распавядае Еўрарадыё, што ён проста ўбачыў рэкламу фонда DKMS. Гэты фонд з 1991 года аб’ядноўвае больш за сем мільёнаў донараў ва ўсім свеце, каб дапамагчы людзям, якія пакутуюць на лейкемію. Анджэй зарэгістраваўся на старонцы міжнароднай донарскай арганізацыі ў інтэрнэце. Такое донарства з’яўляецца абсалютна бясплатным:

Гэта адбылося недзе тры гады таму. Сярод маіх знаёмых таксама хапае людзей, якія з’яўляюцца донарамі. Нехта зарэгістраваўся раней, нехта пасля мяне. Дагэтуль я быў толькі донарам крыві. Гэта мой першы досвед донарства касцявога мозгу. Для гэтай дзяўчынкі я буду зарэзерваваны цягам двух гадоў, у любы момант можа зноў спатрэбіцца мая дапамога”.

Прадстаўніца прэс-службы фонду DKMS Агнешка Мрочак патлумачыла, як працуе такая база донараў: “Калі лекары вызначаюць, што для пацыента больш паспяховым лячэннем будзе прышчэпка ствалавых клетак, спачатку донара шукаюць сярод сям’і: бацькі, дзеці, браты і сёстры. Калі сярод іх няма “генетычнага блізнюка”, шукаюць някроўнага донара. Інфармацыя перадаецца да асяродкаў, якія займаюцца пошукам такіх генетычных блізнят у базах па ўсім свеце. Пазней мы кантактуем з донарам, які зарэгістраваны ў нашай базе і просім яго скіравацца ў найбліжэйшую лабараторыю, дзе ён праходзіць поўнае медыцынскае абследаванне. Гэтыя аналізы высылаюцца ў тую бальніцу, дзе лечыцца пацыент, і яны вырашаюць, ці будуць браць матэрыял нашага донара. Пазней мы займаемся працэдурай здачы донарам ствалавых клетак: гэтая аперацыя праходзіць пад поўным наркозам, без болю ці негатыўных наступстваў для донара. А сама аперацыя праходзіць там, дзе знаходзіцца пацыент”.

Аперацыя прайшла пад наркозам і працягвалася каля гадзіны. Па словах Анджэя, у той жа дзень ён вярнуўся на працу.

Для мяне няма абсалютна ніякай розніцы каму дапамагаць, ― кажа Анджэй Вашак. ― Калі гаворка ідзе пра здароўе, галоўнае, каб дапамога дайшла да адрасата. А хто ён, беларус ці паляк, дзяўчынка ці хлопчык, дарослы чалавек ці не, не мае ніякага значэння. У мяне ў самога ёсць дзеці, і калі б бацькі беларускай дзяўчынкі захацелі, я б з радасцю прыехаў у Беларусь на сустрэчу”.

Па законах, такая сустрэча можа адбыцца толькі праз два гады пасля аперацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі