Для сёмага траншу ЕФСР для Беларусі не вызначаная нават дата разгляду

Для сёмага траншу ЕФСР для Беларусі не вызначаная нават дата разгляду

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) не прызначыў дату, калі будзе разглядацца вылучэнне Беларусі сёмага траншу. Пра гэта перадае БЕЛТА са словаў выканаўчага дырэктара праектнага блока ЕФСР Андрэя Шырокава.

Ён нагадаў, што ў лютым ЕФСР вывучала, ці выканала Беларусь умовы вылучэння сёмага траншу фінансавага крэдыту. Высветлілася, што наша дзяржава не выканала адну з умоваў: урад мусіў унесці ў Палату прадстаўнікоў дапрацаваны праект закона "Аб неплацежаздольнасці або банкруцтве". 

Па словах Шырокава, ЕФСР атрымаў гэты законапраект напрыканцы сакавіка. "Па нашай ацэнцы, ён адпавядае ўзгодненым прынцыпам. Адпаведнае паведамленне аб выкананні гэтай меры было накіраванае кіруючым органам ЕФСР. Дата правядзення савета фонду па разглядзе пытання прадастаўлення сёмага траншу Беларусі яшчэ не вызначаная", — дадаў ён.

У першай палове 2015 года Беларусь падала заяўку на крэдыт у 3 мільярды долараў у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (цяпер Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця). Потым сума крэдыту зменшылася да 2 мільярдаў долараў. Сродкі даюцца сямю траншамі.

Наша дзяржава атрымала ўжо шэсць траншаў з гэтага крэдыту. Тэрмін даступнасці сёмага траншу ў 200 мільёнаў долараў быў працягнуты да 30 чэрвеня 2019 года. Раней меркавалася, што ён будзе вылучаны да 31 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі