Дом Кабэйна, кроплі ад "кароны" і памідорная бітва ў Іўі: толькі добрыя навіны
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Пакуль у беларускім горадзе Іўі рыхтуюцца да бітвы памідорамі і шукаюць самы гіганцкі тамат, у Эстоніі навукоўцы стварылі спрэй для носа ад усіх асноўных штамаў COVID-19.
Калі можна будзе пабываць на бясплатнай экскурсіі ў доме Курта Кабэйна і што такое сапраўднае сяброўства — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
На экскурсію ў дом франтмена Nirvana
Дом лідара гурта Nirvana Курта Кабэйна (Абердын, штат Вашынгтон) прызналі аб'ектам культурнай спадчыны. Тут музыка жыў з 1968 да 1984 года. Аднапавярховы дом належаў яго бацькам Дональду і Вэндзі Кабэйн. Менавіта ў ім маленькі Курт пачаў займацца музыкай.
Дом быў пабудаваны ў 1923 годзе. Цяперашні саўладальнік Лі Бэкан купіў яго ў сям'і Кабэйна ў 2018 годзе і стаў аднаўляць. Паводле яго слоў, цяпер рэстаўрацыя амаль завершана. Налета ў доме плануецца арганізаваць бясплатныя экскурсіі.
Спрэй для носа ад усіх асноўных штамаў COVID-19
У Эстоніі навукоўцы стварылі спрэй для носа BioBlock, які можа абараніць ад усіх асноўных штамаў COVID-19 — зыходнага ўханьскага варыянта, "дэльта"-варыянта індыйскага паходжання, брытанскага, паўднёваафрыканскага, а таксама бразільскага.
Па словах навуковага дырэктара кампаніі Icosagen Марта Устава-малодшага, лабараторныя даследаванні пацвердзілі: "распрацаваны назальный спрэй аднолькава добра абараняе ад усіх штамаў каранавіруса, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасць". Спрэй таксама тэстуюць на здольнасць нейтралізаваць непапулярныя штамы.
З юрыдычнага пункту гледжання BioBlock не ёсць лекамі або медыцынскім сродкам, але спрэй і інфармацыя пра яго ўжо ўзгоднены з дэпартаментам лекавых сродкаў і дэпартаментам здароўя.
Тэхналогія прадукту запатэнтаваная.
Паглядзіце, як сябруюць качаняты і малпачка!
Кранальнае сяброўства малпачкі і качанят расчуліла карыстальнікаў сацсетак. Сябры выдатна бавяць час разам: гуляюць і спяць. Вось бы больш такіх мілых гісторый!
Швэдар для сабачкі ад алімпійскага чэмпіёна
У час жаночых спаборніцтваў алімпійскі чэмпіён па сінхронных скачках у ваду 27-гадовы брытанец Том Дэйлі вязаў швэдар для сабачкі сяброў. Да гэтага ён звязаў мяшэчак для свайго залатога медаля
Па словах спартсмена, вязанне — адзінае, што яму дапамагае спраўляцца са стрэсам на спаборніцтвах.
Памідорная бітва ў Іўі
21 жніўня ў беларускім горадзе Іўі пройдзе памідорная бітва! Яна адбудзецца ў рамках фестывалю "Іўеўскі памідор". У праграме таксама прадугледжаны конкурсы на самы вялікі тамат (некаторыя плады важаць больш за 1 кілаграм), хуткаснае паяданне таматаў, самы вялікі бутэрброд з таматаў і конкурс па плаванні на самаробных плавальных сродках.
На сцэне будуць выступаць музычныя калектывы, а ўвечары запланаваная дыскатэка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.