Домрачава паскардзілася Лукашэнку на праблемы са змазкай, ён паабяцаў разабрацца
Шматразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава распавяла Аляксандру Лукашэнку, як няпроста ёй было ў біятлонным сезоне. Яна ўдзельнічала ў сустрэчы кіраўніка дзяржавы з алімпійцамі і паралімпійцамі. Па словах Домрачавай, у яе былі праблемы са слізгаценнем лыж, асабліва на першых участках дыстанцыі. А на наступных участках сітуацыя паляпшалася, але незаўсёды можна было адыграць страчаны час. Пры гэтым біятланістка падкрэслівала, што яе набраная форма была дастатковай. Дар’я Домрачава не ведае, ці прычына была ў змазцы лыж, ці ў працы сэрвіснай брыгады.
“Я не спецыяліст у пытанні падрыхтоўкі лыж, — цытуе словы Домрачавай БЕЛТА. — Я не ведаю, у чым там канкрэтна прычына. Але пытанне ёсць, і вельмі сур’ёзнае. Таму што на такім узроўні ў спорце ад якасці слізгацення залежыць вельмі многае. Мне самой непрыемна пра гэта гаварыць. Мне хочацца заўсёды, каб усіх можна было проста пахваліць, сказаць вялікі дзякуй”.
Лукашэнка паабяцаў разабрацца з праблемай. Нейкім спецыялістам ужо было даручана старанна вывучыць гэтае пытанне, каб унесці неабходныя карэктывы ў падрыхтоўку да новых спаборніцтваў.