Думаем, як далей жыць: пасля праверкі ДФР тыдзень не абнаўляецца сайт "Бинокля"

Ператрус у рэдакцыі "Бинокля" / фота baj.by 
Ператрус у рэдакцыі "Бинокля" / фота baj.by 

26 студзеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў дабраліся да брэсцкага гарадскога часопіса "Бинокль".

"Мерапрыемства пад назвай "агляд" у офісе скончана. Забралі дакументы, камп'ютары, нататнікі, пячаткі. Перад гэтым усё гэта таксама канфіскавалі з дамоў выдаўца і дырэктара, — апісвала тое, што адбываецца, галоўны рэдактар "Бинокля" Ксенія Пятровіч. — Я і рэдакцыя ў парадку, жарты ўсё яшчэ жартуем, кулачкі трымаем, курым, думаем і "плануем" працу. Нервы, самі разумееце, ну і ўсякія ўжо нашы ўнутраныя "мерапрыемствы", жывём жа на парахавой бочцы".

З 27 студзеня не абнаўляецца сайт выдання. Сацсеткі пратрымаліся да 31 студзеня — і таксама патухлі. Што адбываецца?

"Бинокль" — усё?

З гэтымі пытаннямі Еўрарадыё звярнулася да выдаўца выдання Дар'і Герашчанка. Яна асцярожна адказвае, што праверка ДФР працягваецца, таму свабодна каментаваць сітуацыю яна не можа:

"Наконт работы сайта: у нас цяпер тэхнічная паўза. І ў цэлым мы цяпер думаем, як далей быць, як далей жыць, што далей рабіць. Ну і плюс — у нас тэхнічных магчымасцяў цяпер няма. Спрабуем нешта зрабіць, каб сайт змог хоць у нейкім выглядзе функцыянаваць. Я спадзяюся, што ўжо з наступнага тыдня мы хоць нейкія прыкметы жыцця пачнём падаваць".

Перад размовай з Дар'яй у Еўрарадыё не атрымалася выйсці на сувязь з некалькімі іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі. Аднак выдавец супакойвае: усе на волі, ніхто не з'ехаў з краіны.

Гродзенскія "экстрэмісты"

Праз тры дні пасля ператрусаў і канфіскацый у "Біноклі" міліцыя наляцела з праверкай да СМІ ў іншым рэгіёне. 29 студзеня паралельна "трэслі" рэдакцыі Hrodna.life і newgrodno.by. Праўда, займаўся гэтым не ДФР, а АМАП.

Да гродзенскіх медыя прыйшлі праз згадкі ў іх публікацыях тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. У абедзвюх рэдакцыях канфіскавалі тэхніку. Мабыць, страта сталася не настолькі сур'ёзнай, як для іх брэсцкіх калег: сайты Hrodna.life і newgrodno.by працягваюць абнаўляцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі