Двух анархістаў у Мінску судзяць за акцыі каля суда і "Валадаркі"
6 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся суд над двума 19-гадовымі анархістамі — Іванам Камаром і Мікітам Емяльянавым. Паводле інфармацыі TUT.by, іх судзяць за дзве акцыі каля будынку Мінгарсуда, які яны запэцкалі фарбай, а таксама за кіданне кактэйляў Молатава ў будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Як сцвярджае абвінавачанне, 24 або 25 верасня 2019 года хлопцы закідалі Мінскі гарадскі суд лямпачкамі, запоўненымі фарбай. Шкоду будынку ацанілі ў 143 рублі.
Акрамя таго 12 ці 13 кастрычніка 2019-га хлопцы кідалі кактэйль Молатава ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Аднак гаручае не ўспыхнула. Зачытваючы гэты пункт абвінавачання, пракурор падкрэсліў, што гэтыя дзеянні пагражалі пашкодзіць будынак, які ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў 2-й катэгорыі. Акцыя была прымеркаваная да суда над іх паплечнікам Змітром Паліенкам.
Пасля няўдалай спробы юнакі вярнуліся да "Валадаркі" 19 або 20 кастрычніка. У выніку яны прычынілі шкоду на 1 рубель 48 капеек. Тады ж іх і затрымалі. За гэта анархістаў вінавацяць у пашкоджанні гісторыка-культурнай каштоўнасці. Максімальнае пакаранне — да 12 гадоў пазбаўлення волі.
На судзе адвакаты абвінавачаных падкрэслілі, што абвінавачаныя ўжо кампенсавалі шкоду, прычыненую суду і СІЗА. Тым не менш адміністрацыя СІЗА заявіла грамадзянскі пазоў на 1,48 рубля. А вось Мінгарсуд, напрыклад, пазоў на 143 рублі не заяўляў.
Прадстаўніца ізалятара Нарчук паведаміла, як вылічвалася прычыненая шкода: "Сума разлічвалася з месца пашкоджання на ўваходных дзвярэй. (...) Быў набыты слоік фарбы".
На пытанне "Ці з'яўляюцца асобна ўзятыя дзверы гісторыка-культурнай каштоўнасцю?" прадстаўніца СІЗА адказаць не змагла. Як і на пытанне, у якім стагоддзі дзверы былі пастаўленыя. А шыльдачка, якая ўказвае на асаблівы статус будынка, па словах Нарчук, ёсць толькі ў закрытай, рэжымнай зоне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.