Дыетолаг: Людзі ведаюць правілы харчавання і важаць сто кілаграмаў

120822 Razok_site.mp3

Еўрарадыё: За апошнія чатыры гады ў Беларусі ўдвая павялічылася колькасць дзяцей, якія церпяць ад атлусцення. У чым, на вашу думку, прычыны такой сітуацыі?

 

Іна Ражок: На маю думку, прычыны ў звычках харчавання і ў традыцыях харчавання ў сем’ях такіх дзяцей. Усё ідзе ад бацькоў — як заведзена харчавацца ў сям’і, як гатуюць, якія прадукты набываюць — гэта адбіваецца і на дзецях. Апроч таго, як і паўсюль — гіпадынамія, дзеці рухаюцца менш, бацькі не вельмі клапоцяцца пра тое, каб далучаць дзяцей да актыўнага ладу жыцця. Усё гэта і з’яўляецца прычынай таго, што атлусценне ахапіла не толькі дарослае насельніцтва, але і дзяцей.

 Еўрарадыё: Якія звычкі ў харчаванні беларусаў найбольш шкодныя?

 

Іна Ражок: Найбольш небяспечнымі мне падаюцца перавага тлустых прадуктаў і вугляводаў. Асноўным гарнірам у беларусаў з’яўляецца бульба, а гэта крухмалісты прадукт. Частым гарнірам з’яўляюцца таксама макаронныя вырабы, і кашы, а ў іх шмат вугляводаў. Прымаўка кашу маслам не сапсуеш — не пра нашу сітуацыю, і кашы, і бульба, і макароны, паводле традыцый беларускай кухні, паліваюцца маслам ці тлустым соусам, а гэта таксама кепска ўплывае на фігуру. Мы ўсё больш ужываем паўфабрыкатаў, значна прасцей, прыйшоўшы галодным — у тым ліку, і дзіцяці са школы — і з’есці сардэльку ці сасіску, чым гатаваць нармальны кавалак мяса. Спалучэнне тлушчу з вугляводамі, характэрнае для нашай кухні, пагаршае сітуацыю.  Усё гэта і ёсць прычыны павольнага атлусцення насельніцтва.

 Еўрарадыё: Што б вы ў першую чаргу параілі тым, хто пераймаецца якасцю харчавання?

 

Іна Ражок:  У першую чаргу, трэба азадачыцца гэтай тэмай, пачаць яе вывучаць хаця б на ўзроўні лікбезу, звярнуцца ў спецыялізаваныя ўстановы за кансультацыяй. Бо правільнае харчаванне — гэта і водны баланс, і час прыёму ежы, і спалучэнне прадуктаў, і падлік каларыйнасці. Першая задача — авалодаць гэтымі ведамі. Другая задача — прымяняць гэта ўсё на практыцы, бо часта даводзіцца сутыкацца з людзьмі, якія кажуць, што ўсё гэта ведаюць, але пры гэтым важаць сто кілаграмаў.

Апроч таго, важна зразумець, што  здаровы лад жыцця — не задача медыцыны, а ваша задача. Здароўе залежыць у першую чаргу ад самога чалавека. Чацвёртае, на што б я звярнула ўвагу — далучаць дзяцей да здаровага харчавання з маленства, бо часта бацькі спрабуюць весці здаровы лад жыцця пры гэтым дазваляючы дзецям есці фастфудаўскую ежу, трацяць на гэта сямейны бюджэт. А потым лечаць наступствы такога харчавання. І апошняе, барацьба з атлусценнем прадугледжвае актыўную нагрузку, важна, каб дзеці не сядзелі дома, наведвалі секцыі, або каб гэта было ўвогуле ладам жыцця сям’і — нейкія трэніроўкі, басейны, фітнэс-клубы.

Еўрарадыё: Ці абмяркоўваецца ў Беларусі праблема школьнага харчавання, якое таксама нельга назваць здаровым?

 

Іна Ражок:  Тое, што фінансуецца — гэта пытанне не да мяне, тут трэба глядзець, што можна даць на тую суму, якая выдзяляецца на кожнае дзіця. Гэтая сітуацыя павінна вырашацца на ўзроўні міністэрстваў, але бацькі ў любым выпадку адказныя за здароўе дзіцяці. Калі яны разумеюць, што якасць школьнага харчавання нізкая, то павінны самі паклапаціцца пра якаснае харчаванне і даваць дзіцяці правільныя ссабойкі.

Фота: http://gidepark.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі