Дырэктара "Барысаўдрэва" вінавацяць у лабіраванні турэцкай кампаніі
Быццам, Уладзімір Мальцаў з-за асабістай зацікаўленасці пры выбары пастаўшчыка абсталявання лабіраваў інтарэсы турэцкай кампаніі.
Пра гэта заявіла пракурор, зачытваючы абвінавачванне, перадае БЕЛТА. Так, пры выбары пастаўшчыка абсталявання гендырэктар "Барысаўдрэва" не адхіліў прапанову турэцкай кампаніі "Персей", абсталяванне якой не адпавядала ўсім неабходным патрабаванням, лічыць дзяржабвінаваўца. Пры гэтым кіраўнік, усведамляючы страты для прадпрыемства, не абгрунтаваў выбар кампаніі і не разгледзеў іншыя прапановы. Калі турэцкая кампанія пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, парушыўшы кантракт, Мальцаў, кажа следства, не прыняў меры ў адказ. Потым ён заключыў з кампаніяй кантракт па мантажы абсталявання, хаця ў яе не было дазволу на гэты від работаў.
Па словах абвінаваўцы, гендырэктар пад час службы не распрацаваў перспектыўныя планы мадэрнізацыі прадпрыемства, не арганізаваў распрацоўку метадычных і нарматыўных дакументаў і іншымі правінамі спрыяў зрыву тэрмінаў па рэалізацыі дзяржпраграмы мадэрнізацыі. Таксама кіраўнік не прыняў меры па своечасовай закупцы абсталявання для запалкавай вытворчасці, што прывяло да зацягвання тэрмінаў вытворчасці. Гэтыя ды іншыя дзеянні топ-менеджара нанеслі прадпрыемству шкоду на суму больш за 18 млрд рублёў.
Абвінавачаны не прызнаў сваю віну, заявіў, што асабістай зацікаўленасці ў яго дзеяннях не было.
Сёння ў пасяджэнні суда па гэтай справе абвешчаны перапынак да 24 верасня. Як чакаецца, заўтра на працэс будуць дапытаныя сведкі.
Фота — svaboda.org