Дыяспара возьме даручальніцтва за студэнтаў, якія вучацца ў Чэхіі
Беларускія студэнты змогуць працягнуць вучобу ў некаторых ВНУ Чэхіі, распавялі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.
Пакуль што гаворка пра два ўніверсітэты — найбуйнейшы тэхнічны ўніверсітэт ČVUT і універсітэт, дзе навучаюцца па хімічных спецыяльнасцях — VŠCHT.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары дамовіліся з кіраўніцтвам універсітэтаў, што студэнты будуць прадстаўляць гарантыйныя лісты. Гэтыя лісты будуць сведчыць пра тое, што беларусы не супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя дакументы будуць падпісваць прадстаўнікі дыяспары.
"Для атрымання такога ліста студэнты праходзяць верыфікацыю – што яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі сілавых структураў і не збіраюцца працаваць на карысць рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна", – тлумачаць у Офісе.
Студэнты могуць звярнуцца па верыфікацыю і гарантыйны ліст у Задзіночанне беларускага студэнцтва у Чэхіі. Жадаючых атрымаць такі дакумент будзе правяраць у тым ліку BYPOL.
Раней стала вядома, што Чэхія не будзе выдаваць грамадзянам Беларусі ды Расіі візы і віды на жыхарства да канца сакавіка 2023 года. Гэтым часам атрымаць чэшскую візу зможа толькі блізкі сваяк грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны ЕС, пішуць České noviny. Таксама можна будзе звяртацца па працяг ужо дзеючага ВНЖ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.