Дзе было поле — цяпер часць: як расійскія войскі абжываюцца на мяжы з Беларуссю

Дзе было поле — цяпер часць: як расійскія войскі абжываюцца на мяжы з Беларуссю

Тры гады Расія актыўна назапашвае ўзбраенні і вайсковую тэхніку на мяжы з Беларуссю. Гэта вынікае са спадарожнікавых здымкаў, якія апублікаваў у газеце “Новы час” журналіст Дзяніс Івашын. На межах Гомельскай і Магілёўскай абласцей аднаўляюцца і будуюцца вайсковыя гарадкі, пашыраюцца тэрыторыі вайсковых часцей, на стаянках з’яўляецца новая тэхніка.

Па звестках Івашына, ужо зараз прыкладна за 40 км ад беларускай мяжы разгорнутыя два  мотастралковыя палкі, адзін танкавы полк, адзін самаходны артылерыйскі ракетны полк і іншыя падраздзяленні расійскіх узброеных сіл.
 

80 км да Гомеля, 160 — да Магілёва

У траўні 2016 года да беларускай мяжы пачалі перакідвацца часці 28-й асобнай мотастралковай дывізіі (АМД) з Екацярынбурга. Частка дывізіі раскватаравалася каля Ельні ў Смаленскай вобласці, астатнія — у Клінцах недалёка ад Бранска. На гэтай базе пачалося аднаўленне 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, расфарміраванай у 2004 годзе.

Расійскія войскі згуртаваліся амаль каля самай беларускай мяжы. Ад Клінцоў 80 км да Гомеля і 160 — да Магілёва. Ад Ельні 110 км да Мсціслава і 170 км да Оршы.

Перадыслакацыю войскаў расійскія ўлады тлумачаць неабходнасцю супрацьстаяць сілам НАТА. Беларусь у Паўночнаатлантычны альянс не ўваходзіць, але з’яўляецца сябрам АДКБ і, адпаведна, вайсковым саюзнікам Расіі.
 

Як выглядаюць новыя расійскія часці і што там ёсць

Для салдат 488-га мотастралковага палка адноўлены вайсковы гарадок № 2 у Клінцах. Яго можна пабачыць на гугл-картах па каардынатах 52.74705, 32.25064. Вайскоўцаў размясцілі ў пяці казармах. На тэрыторыі вайсковага гарадка могуць быць раскватараваныя да 1200 салдат.

Вось вайсковы гарадок у Клінцах у 2015 і ў 2018 годзе — да і пасля аднаўлення. Параўнайце!

Згодна з генеральным планам, апублікаваным на сайце Inform Napalm, у вайсковым гарадку мусяць з’явіцца яшчэ дзве блочна-модульныя казармы. Таксама мусіць быць рэканструяваны будынак для размяшчэння яшчэ 700 вайскоўцаў. Плануецца пабудаваць не менш за 14 сховішчаў узбраення і вайсковай тэхнікі, разлічаных агулам на 470 машына-месцаў. 

Яшчэ адзін вайсковы аб’ект быў з нуля пабудаваны ў Займішчы на поўдні Клінцоў. Тут (каардынаты 52.71785, 32.27061) цяпер знаходзіцца палявы парк узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі. Гэтае месца знаходзіцца прыкладна за 41 кіламетр ад мяжы з Беларуссю.

Палявы парк узбраення ў Займішчы ў 2015 і ў 2019 годзе — да і пасля аднаўлення. Таксама можна параўнаць:

Па звестках Івашына, у палку ёсць інжынерна-сапёрная, рамотная, сувязная роты і рота матэрыяльнага забяспячэння. Гэта значыць усё, што арганізоўвае боегатоўнасць палка.
 

Расія спадзяецца толькі на сябе

На думку вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, беларусам не трэба непакоіцца праз гэтую перадыслакацыю расійскіх войскаў.

“Калі Беларусь адмовілася размясціць расійскія базы на сваёй тэрыторыі, дык цяпер Расія не спадзяецца на нас, як на свой шчыт, — расказвае Еўрарадыё Алесін. — Яны [рускія. — Еўрарадыё] ствараюць другую лінію абароны, бо да Беларусі няма даверу. А наша тэхніка скарачаецца, старэе, асабліва гэта датычыцца сухапутных войскаў.

Па законах ваеннай навукі тых часцей, што сцягваюць [да межаў Беларусі] расіяне, не хапае, каб наступаць”.

Алесін дадае, што, маючы ядзерную зброю, ніхто наўмысна не пачне сухапутную вайну. Сцягваючы войскі да беларускіх межаў, Расія вырашае свае ўнутраныя праблемы: стварае ілюзію барацьбы са знешнім ворагам, каб адцягнуць увагу людзей ад эканомікі.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі