Дзе возьмуць 720 мільёнаў долараў для "Газпрама"?

Дзе возьмуць 720 мільёнаў долараў для "Газпрама"?

Беларусь даплаціць "Газпраму" $720 млн за пастаўкі расійскага газу ў 2016-м і ў першым квартале 2017 года. Пра гэта па выніках сустрэчы кіраўнікоў Расіі і Беларусі заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч.

Але дзе Беларусь возьме грошы на тое, каб разлічыцца з “Газпрамам”? Эканаміст, намеснік дырэктара па навуковай працы Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Акадэміі навук Беларусі Георгій Грыц нагадвае, што на такі “крытычны” выпадак ёсць золатавалютны рэзерв.

“Аб’ёмы золатавалютных рэзерваў дастатковыя. Яны сёння складаюць каля 5 мільярдаў, таму праблем не будзе. Іншая справа, што змяншэнне на 20% ЗВР па гэтым плацяжы стварае дадатковыя рызыкі па выплаце іншых даўгоў. Але нейкай лятальнасці ці набліжэння да дэфолту, напэўна, гэтыя нашы абавязанні не нясуць”, — кажа Грыц.

Апроч таго, нагадвае суразмоўца Еўрарадыё, Беларусь павінная атрымаць трэці транш крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

Па словах першага намесніка беларускага прэм’ер-міністра Васіля Мацюшэўскага, Расія “рэфінансуе запазычанасці Беларусі ў памеры 750-800 мільёнаў долараў”. І, маўляў, цяпер ідзе працэс “фармалізацыі дамоўленасцяў”.

А калі гаворка зайшла пра нейкае “рэфінансаванне”, то наўрад ці Беларусь будзе расплачвацца з “Газпрамам” грашыма, атрыманымі ад Еўразійскага фонду, разважае старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб.

“Размова ідзе пра нейкую асобную суму рэфінансавання. Схема можа выглядаць так: атрымліваем міждзяржаўны крэдыт ад Расіі, гэтымі грашыма пагашаецца запазычанасць перад расійскім “Белтрансгазам” і — павялічваецца запазычанасць дзяржаўная перад Расійскай Федэрацыяй”,кажа Іосуб.

Варыянт, што гэтую “газавую запазычанасць” Беларусь сплачвае са сваёй золатавалютнай кішэні, Іосуб не разглядае. Калі мы так зробім, то пра чарговы транш ад Еўразійскага фонду развіцця можна забыцца. Такія ўмовы крэдыту.

“Газпрам” ужо даўно выкарыстоўваецца Масквой як інструмент знешняй палітыкі, а не як камерцыйная арганізацыя, заўважае расійскі эканаміст, аналітык кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін

“Таму я не выключаю, што для захавання хаця б бачнасці Еўразійскага саюза і Мытнага саюза Расія можа пайсці на тое, каб проста спісаць гэтую запазычанасць”, — кажа эканаміст.

Суразмоўцаў Еўрарадыё здзіўляе той факт, што, заявіўшы пра вырашэнне нафтагазавага канфлікту, бакі так і не назвалі цану, па якой Беларусь будзе набываць расійскі газ. Маўляў, з цаной вызначацца цягам 10 дзён.

“Калі пакінулі 10 дзён на гандаль па гэтай лічбе паміж кампаніяй “Газпрам” і атрымальнікамі на беларускай тэрыторыі, то я не выключаю, што працягнецца гэты канфлікт”, — нечакана заяўляе расійскі эканаміст Міхаіл Круціхін.

“Гэтая адсутнасць дакладнай цаны пакідае пагрозу, што за 10 дзён не дамовяцца, і спрэчка па газе можа ўспыхнуць з новай сілай”, — пагаджаецца з калегам Вадзім Іосуб.

Фота Алеся Пілецкага, www.dsnews.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі