Джо Байдэн здзівіў карыстальнікаў сацсетак дзіўным твітам пра вайну ў Ізраілі
Джо Байдэн
Прэзідэнт Джо Байдэн апублікаваў у сацыяльнай сетцы Х (экс-твітэр) разважанні аб руху ХАМАС і вайне, якая працягваецца ў Ізраілі. Сусветная прэса цяпер у разгубленасці, што ён меў на ўвазе, адзначае ВВС.
Публічна ЗША ўсебакова падтрымліваюць Ізраіль у супрацьстаянні з ХАМАС. Але ў гэтым твіце Байдэн піша, што ХАМАС арганізаваў набег на Ізраіль 7 кастрычніка, таму што больш за ўсё баіцца міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі. "Працягваць ісці шляхам тэрору, гвалту, забойстваў і вайны — гэта значыць даваць ХАМАСу тое, чаго ён хоча. Мы не можам гэтага рабіць", — кажа далей амерыканскі прэзідэнт. Пасля гэтай фразы ў назіральнікаў паўстала пытанне, гэта зрух у палітыцы ЗША адносна Ізраіля ці, магчыма, частка перадвыбарнай кампаніі — жаданне Байдэна дагадзіць выбаршчыкам.
"Незразумела, ці не звяртаўся Байдэн — рыхтуючыся да выбараў у наступным годзе — да той часткі ўнутранай аўдыторыі, якая настроена больш скептычна і крытыкуе яго адміністрацыю за безумоўную падтрымку Ізраіля", — адзначае, у прыватнасці, карэспандэнт Бі-бі-сі Трэйсі Бічам. Карэспандэнт "Аль-Джазіры" ў Вашынгтоне Пэці Кулхейн таксама заўважыў змены ў заявах Байдэна.
"Ён кажа: ХАМАС хоча вайны, мы не можам гэтага дапусціць. Ці варта лічыць, што вайна павінна спыніцца?" — задаецца пытаннем карэспандэнт "Аль-Джазіры". Дадамо, што гэты твіт быў апублікаваны ў асабістым акаўнце Байдэна, а не ў афіцыйным твітары прэзідэнта ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.