Дзмітрыеў: Можа, нам яшчэ станчыць, каб атрымаць подпіс Лябедзькі?

17 лістапада грымнуў скандал — частка апазіцыянераў фактычна ставіць ультыматум Анатолю Лябедзьку. Альбо далучаешся да нас і праводзім Кангрэс па выбарах адзінага кандыдата, альбо Кангрэс пройдзе без кандыдата ад АГП. Лябедзька вінаваціць партнёраў у зрыве дамоўленасцяў. Еўрарадыё запрашае ў студыю усіх герояў гісторыі, каб высветліць, чыя праўда. Гэтым разам да нас у студыю завітаў намеснік кіраўніка “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Еўрарадыё: У панядзелак журналістам прадэманстравалі “Пагадненне аб намеры правесці Кангрэс дэмакратычных сіл”. Падпісанае яно пяццю з сямі ўдзельнікаў кансультацый. Які быў сэнс у дэманстрацыі гэтай “фількінай граматы” — папера ж не мае ніякай моцы?

Андрэй Дзмітрыеў: Мы ў панядзелак выйшлі з рашэннем, што больш нельга зацягваць працу. І разуменнем, што кулуарныя перамовы не прывялі да тых вынікаў, якіх мы чакалі. А менавіта падпісання працэдуры адзінага. Мы атрымалі пяць подпісаў, і я не ўзяў бы на сябе смеласць казаць, што пяць подпісаў гэта “фількіна грамата”. Бо нам засталося атрымаць адзін подпіс. І ў панядзелак была спроба нарэшце зрабіць чорнае чорным, а белае белым. Бо ў сённяшняй сітуацыі любы зразумелы адказ — так ці не — лепш за чаканне яшчэ цягам пяці месяцаў.

Еўрарадыё: А ў нас такая смеласць будзе: атрымалі б шосты подпіс, які дае права гаварыць, што Кангрэс будзе, тады б і выходзілі на публіку, а так — які сэнс?

Андрэй Дзмітрыеў: Калі ці Лябедзька, ці Калякін падпішуць гэта, то можна правесці Кангрэс. Калі яны гэта не падпішуць —– можна ісці далей, разумеючы, што Кангрэсу не будзе, і мы павінны, сыходзячы з гэтага, выбудоўваць планы. Да выбараў застаўся год, і трэба разумець, што гэта год у вельмі цяжкіх умовах, дзе трэба нешта рыхтаваць да выбраў. Мы і так чакалі і аддалі 6 месяцаў на гэтыя перамовы і далейшае чаканне не проста шкодзіць: яно сапраўды з’яўляецца шляхам да таго, каб здзейсніць прадказанні, што гэта будзе сумная кампанія без аніякага выніку для тых, хто жадае мірных перамен у Беларусі.

Еўрарадыё: Лябедзька, па яго словах, не хоча падпісваць гэты дакумент таму, што ніхто з астатніх удзельнікаў перамоў не называе імя свайго прэтэндэнта на адзінага. Лябедзька назваўся, а ваша імя дзе?

Андрэй Дзмітрыеў: У першых пунктах працэдуры прапісана: кожны жадаючы стаць кандыдатам павінен прадставіць у аргкамітэт, які ствараецца пасля падпісання “Працэдуры”, свой план, сваю праграму. Таму, калі будзе падпісаная працэдура — мы абвесцім гэта імя, калі яна не будзе падпісаная — мы таксама абвесцім імя. І чаму вы кажаце, што толькі Лябедзька назваў сваё імя? Някляеў шмат разоў казаў за апошні год, што ён гатовы ўдзельнічаць у якасці кандыдата.

Еўрарадыё: І ён да гэтага часу гатовы быць кандыдатам?

Андрэй Дзмітрыеў: Я нідзе не бачыў публічных абвяржэнняў гэтай пазіцыі.

Еўрарадыё: Значыцца, імя ўсё ж такі ў вас ёсць?

Андрэй Дзмітрыеў: Яно і не адно ёсць, але трэба рэчы вырашаць па парадку. Найперш трэба вырашыць, якім шляхам мы ідзём. З гэтага шляху абіраецца твар — той ці іншы. Мы яшчэ два гады таму сказалі: ні хто, а — што, не пад асобу выбудоўваць шлях, гэта не спрацоўвае, а спачатку зразумець, якім мы шляхам ідзём, якія там ёсць мэты і задачы і тады разумець, якая асоба лепш пасуе да гэтага шляху. У “Народнага рэферэндуму” ёсць свой кандыдат, ёсць выбар і мы прымем гэта рашэнне.

Еўрарадыё: Не разумею логікі: ёсць кандыдат, але — прымем рашэнне… Якое рашэнне?

Андрэй Дзмітрыеў: У нас ёсць выбар паміж рознымі людзьмі. Таму, гэта ўнутранае, фактычна, рашэнне “Народнага рэферэндуму” і яно будзе прынятае, калі мы будзем разумець сітуацыю. А каб яе разумець, мы і выйшлі ў панядзелак з гэтай прэс-канферэнцыяй.

Еўрарадыё: Калі Лябедзька так хоча, каб яму зараз назвалі імя прэтэндэнта на адзінага ад “Народнага рэферэндуму”, і тады ён паставіць свой подпіс, то назвалі б яму імя і ішлі далей!  

Андрэй Дзмітрыеў: Паслухайце, чаго баіцца Анатоль, я не ведаю. Ён баіцца, што там з’явіцца нейкае новае імя, Лукашэнка прыйдзе? Гэта спаборніцтва. Калі ён там адзін, як ён сцвярджае, то хай ідзе ў гэта спаборніцтва і перамагае сам сябе. Цяпер ён баіцца паставіць подпіс? Пастаў подпіс — даведаешся імя! Ці ад імя залежыць яго рашэнне? Калі там будзе Някляеў, то ён адмовіцца, а калі там будзе нікому невядомы чалавек, якога ён дакладна перамагае на Кангрэсе, то ён пагодзіцца? Не, так справы не робяцца! Ёсць працэдура і там не напісана, што спачатку называецца імя. Там сказана: перш працэдура, а потым кожны скажа імя. Тое, што Анатоль вырашыў сказаць сваё імя раней — гэта яго рашэнне.

Еўрарадыё: Чаму вам так важна абіраць дэлегатаў Кангрэсу шляхам збору подпісаў, а не на сходах актывістаў арганізацыі?

Андрэй Дзмітрыеў: Мы разумеем, што такое выбарчая кампанія. Апошнія кампаніі мы, у адрозненні ад Лябедзькі, не байкатавалі. Мы разумеем, што такое збіраць подпісы ў сённяшніх варунках, бо мы іх збіраем за “Народны рэферэндум”. Для нас важна, каб тыя, хто будзе абіраць кандыдата, потым былі здольныя сабраць за яго 100 тысяч подпісаў. І каб мы ведалі, што ў нас такая каманда ёсць. А не так: як трэба прыйсці, узняць руку і з’есці сняданак, то гатовыя шмат людзей, а калі кажаш, каб раскідалі ўлёткі ці сабралі подпісы, то ім то бульбу капаць трэба, то яны хворыя.

Еўрарадыё: Яшчэ адна прэтэнзія: чаму правядзенне Кангрэсу прызначылі на сакавік-травень, а не на снежань-люты?

Андрэй Дзмітрыеў: І тут ёсць пэўныя працэдурныя пытанні, якія проста займаюць час. Каб правесці столькі сходаў, колькі запланавана, то гэта немагчыма зрабіць ў адзін дзень. І што зменіцца ад таго, што мы да канца года даведаемся імя адзінага? Агульнапалітычная сітуацыя зменіцца, Лукашэнка раптам вырашыць праводзіць дэмакратычныя выбары?

Еўрарадыё: У яго будзе больш часу на піяр!

Андрэй Дзмітрыеў: Піяр будзе ў тых медыя, якія і сёння даступныя, і праз месяц будуць даступныя. І чытаюць іх адны і тыя ж людзі. Рэсурсна прынцыпова таксама нічога не зменіцца. Таму не лічу гэтыя месяцы розніцы прынцыповымі. Калі б было так: зараз будзе новы чалавек і гэта новае імя адкрые новыя магчымасці — можа было б варта рабіць раней. А так мы толькі дадзім больш часу ўладзе гэтага чалавека абліць брудам, прыдумаць, як супраць яго гуляць. Не ведаю, для чаго нам гуляць у такія паддаўкі.

Еўрарадыё: Добра, імёны магчымых прэтэндэнтаў на адзінага ад “Народнага рэферэндуму” ёсць, але хто лідар гэтага шорт-ліста?

Андрэй Дзмітрыеў: Гэта не шорт-ліст. Гэта проста спіс людзей, на якіх мы ўсе ўчатырох пагадзіліся. Там няма лідарства: калі мы ідзём такім шляхам — мы ідзём з гэтым кандыдатам, калі такім — з іншым. Галоўнае, што гэтыя людзі таксама пра гэта дамовіліся. І на Кангрэсе будзе адзін кандыдат ад “Народнага рэферэндуму”. Цяпер ад двух суб’ектаў залежыць: будзе Кангрэс дэмсілаў і адзіны кандыдат ці не? Якія яны прычыны знаходзяць, каб не падпісаць, гэта ўсё апраўданні — каго гэта цікавіць? Падпісвай — усё будзе! Не падпісвай і таксама ўсё будзе, але ўжо без цябе.

Еўрарадыё: Вы як героі Ільфа і Пятрова: сёння крэслы — заўтра грошы! Ну, назавіце вы тое імя і будзем упэўненыя, што Кангрэс дакладна адбудзецца!

Андрэй Дзмітрыеў: Ну, ёсць імя Някляева! Можа, будзе не Някляеў, але цяпер ёсць яго імя. Калі Анатоль за 20 год сваёй палітычнай дзейнасці не можа паставіць подпіс, каб пайсці ў спаборніцтва, без нейкіх незразумелых прычынаў, то гэта таксама заяўка на тое, каб проста не ісці ў гэтую кампанію кандыдатам. Вельмі хочацца паўдзельнічаць, але не кандыдатам і так, каб паказаць, што ў гэтым не ты вінаваты. Гэта не пытанне крэслаў і грошай, а наступнае пытанне: “Людзі, скажыце зразумелай мовай — чаго вы хочаце?” Я не бачу праблем у тым, калі нехта хоча, як цяпер кажа Анатоль, пайсці сваёй калонай. Але не трэба ісці за нашымі спінамі гэтай калонай: выходзь і ідзі да людзей! Што мы зрабілі ў панядзелак? Мы выйшлі да людзей і сказалі: “Мы пяць месяцаў чакалі нейкага рашэння і не хочам чакаць незразумелага рашэння яшчэ пяць месяцаў”.

Еўрарадыё: Чаму ні Калякін, які быў на чарговых перамовах у той дзень, ні Севярынец, які паставіў свой подпіс пад дакументам, не ведалі, што вы збіраецеся ладзіць прэс-канферэнцыю і выходзіць з гэтым вынікам падпісання да людзей?

Андрэй Дзмітрыеў: Севярынцу мы сказалі, што збіраемся рабіць прэс-канферэнцыю. Калякіну… Гэты дакумент з 5 старонак існаваў 5 месяцаў — было па месяцы на старонку, каб яго прачытаць. Вось, мы яго падпісалі і выйшлі з гэтым, бо разумелі: калі мы не выйдзем, то будзем зноў чакаць. А чаго чакаць? Калякін і Карняенка (прадстаўляў АГП на перамовах — Еўрарадыё) наконт падпісання дакумента сказалі, што ім трэба час — аднаму да нейкага сходу адной партыі, другому — да нейкай другой партыі. Хопіць таямніцы: я паставіў свой подпіс і не лічу патрэбным хаваць.

Еўрарадыё: А дамоўленасць не казаць пра гэта да 1 снежня, як пра гэта напісана на сайце БХД?

Андрэй Дзмітрыеў: Не.

Еўрарадыё: Значыцца, там размешчанае ілжывае сцвярджэнне?

Андрэй Дзмітрыеў: Інсінуацыі заўчасныя. Ну, можа і было такое пажаданне, але мы вырашылі, што гэта пажаданне спрацуе толькі на зацягванне працэсу. У чым пытанне? У тым, што нехта цяпер апынуўся ў сітуацыі, што яму трэба таксама шчыра перад прэсай і перад грамадствам сказаць, якая яго сапраўдная пазіцыя? Дык чаму мы ў гэтым вінаватыя?

Еўрарадыё: А калі ні Лябедзька, ні Калякін подпіс не паставяць — Кангрэс будзе?

Андрэй Дзмітрыеў: Не. Трэба каб было шэсць подпісаў. Тады сёмы будзе абавязаны падтрымаць гэтае рашэнне. Калі шостага подпісу не будзе, то мы будзем вырашаць: патрэбны такі Кангрэс ці не. Пакуль мы чакаем аднаго з двух, каб падпісаць.

Еўрарадыё: Сядзіце нага за нагу і чакаеце, ці неяк апрацоўваеце “непадпісантаў”?

Андрэй Дзмітрыеў: Мы вызначылі тэрмін: месяц, калі мы чакаем адказу ад іх. Калі праз месяц адказу не будзе, то мы лічым, што гэта адмова і ідзем далей. Як мы іх будзем апрацоўваць? Мы і так для іх зрабілі ўсё магчымае: кожны б хацеў, каб ад яго подпісу залежала будучае аб’яднанай апазіцыі.

Еўрарадыё: Больш падобна на “дошку ганьбы”: вось, мы такія правільныя падпісалі, а гэтыя!..

Андрэй Дзмітрыеў: Ну, калі гэта “дошка ганьбы”, то прыемна, што там толькі два чалавекі. Але не, гэта не “дошка ганьбы” — гэта “дошка лёсу выбару”. Ганьба будзе пасля выбараў 2015 года, калі мы зараз не здолеем зразумець, як правільна сябе паводзіць і што рабіць. А гэта – нават блізка не ганьба.

Еўрарадыё: Добра: збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на Кангрэс — як гэта выглядае? Я магу збіраць подпісы, абяцаючы жыхарам майго дома ганак адрамантаваць?

Андрэй Дзмітрыеў: Альбо збор подпісаў пад канкрэтнае вылучэнне менавіта на Кангрэс, альбо — будзе створаны аргкамітэт, які будзе зацвярджаць тыя тэмы, пад якія ён лічыць прымальным. Бо аргкамітэт разумее, што і такі подпіс, які вы збераце, ёсць укладам у будучую кампанію адзінага кандыдата. Трэба сабраць як мінімум 150 подпісаў, але з аднаго раёна пойдзе на Кангрэс той чалавек, які сабраў больш за ўсіх.

Еўрарадыё: У вас кааліцыя з чатырох структур і вашых дэлегатаў на Кангрэсе будзе больш, за астатніх. А яны будуць галасаваць за прэтэндэнта на адзінага ад “Народнага рэферэндуму” і той жа Лябедзька гарантавана прайграе. Гэта відавочна ўжо сёння!

Андрэй Дзмітрыеў: Ну, калі Лябедзьку гэта відавочна, то хай пра гэта скажа.

Еўрарадыё: Вы можаце сказаць, як пры такой раскладцы яму выйграць?

Андрэй Дзмітрыеў: Людзі яго падтрымліваюць, пойдуць збіраць подпісы і будуць працаваць днём і ноччу, каб сабраць больш за ўсіх. І ўсё!.

Еўрарадыё: Калі Лябедзька стаў у прынцыповую позу і чакае ад вас імя, а вы яго не называеце, то лёс адзінага ад дэмсіл, як не парадаксальна, залежыць ад левых са “Справядлівага свету”?

Андрэй Дзмітрыеў: Я згодны. І нічога ў гэтым кепскага няма: Сяргей Калякін паслядоўна займае дэмакратычную пазіцыю. Апошні Форум левых сіл прыняў дэмакратычную платформу. Мы павінны прызвычаіцца і паглядзець на краіны Еўропы, дзе былыя камуністы, змяніўшы назву, уваходзяць у парламент.

Еўрарадыё: Вярнуся да тэмы даты Кангрэсу: Лябедзька сказаў, што калі яго прызначаць на, да прыкладу, самы пачатак наступнага года, то ён згодны падпісаць гэтую паперу, не зважаючы на іншыя нюансы. Вы да такога пераносу даты гатовыя?

Андрэй Дзмітрыеў: Не бачу праблем у пераносе, калі мы пабачым, што тэхнічна гэта магчыма. Да прыкладу, канец сакавіка таксама нармальна — людзі пачнуць прачынацца пасля зімовай спячкі, можа, пачнуць больш цікавіцца працэсам. Ці ўлада пачне іх варушыць.

Еўрарадыё: А вы не можаце ўсё ж пайсці насуперак працэдурам і назваць імя свайго кандыдата?

Андрэй Дзмітрыеў: Можа, нам трэба яшчэ станчыць вакол некага, каб хтосьці выканаў тое, што абяцаў? Гэта не правільны падыход. Правільны такі: выканай тое, што абяцаў, і будзе наступны крок. Калі для таго, каб нешта атрымаць, трэба парушаць абяцанні, гэта азначае, што і далей будзе так працягвацца. А ў такім выпадку не бачу магчымасці супрацоўнічаць. І кожны раз трэба будзе нешта дадатковае дадаваць, каб выканаць тое, пра што ўжо дамовіліся? А далей будуць складаныя пытанні: Плошча, зняцце ці не зняцце кандыдата, якой праграмай ісці, што рабіць пасля 2015 года? Ізноў тое, пра што мы дамовіліся папярэдне, не будзе мець вартасці? Калі ў некага ізноў будуць нейкія хваляванні асабістага характару? Не, гэта не падыход. Падыход: мы пра гэта дамовіліся, зрабілі, робім наступны крок.

Еўрарадыё: Ні ад Лябедзькі, ні ад Калякіна вы подпіс не атрымліваеце — што далей?

Андрэй Дзмітрыеў: “Народны рэферэндум” вызначаецца, як мы ідзем: ці мы здолеем дамовіцца з БХД і будзем думаць нешта разам, ці не здолеем дамовіцца. Будуць перамовы. Не выключаю, што нават без подпісу Калякіна і Лябедзькі з імі могуць працягнуцца іншыя перамовы пра супольную кампанію. Нават калі ў нас не атрымаецца Кангрэс і ў нас будуць два кандыдаты, то ўсё адно перамовы з іншымі ўдзельнікамі будуць ісці, толькі ўжо ў іншых плоскасцях. Гэта ўжо не будуць перамовы пра адзінага кандыдата — гэта будуць перамовы пра кампанію. “Народны рэферэндум” вызначыць свайго кандыдата і ідзе далей у адпаведнасці з тым, што заплануем.

Фота: Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі