Дзмітрыеў: У нас быў план ― перамовы з урадам. А ў Статкевіча ― ісці на штурм

Дзмітрыеў: У нас быў план ― перамовы з урадам. А ў Статкевіча ― ісці на штурм

Адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў вырашыў публічна адказаць на абвінавачванні Уладзіміра Някляева, які лічыць, што былы кіраўнік яго штаба супрацоўнічаў з КДБ. Хто аддаў загад змяніць маршрут падыходу на Плошчу-2010 калон Някляева і Статкевіча, чаму іх план Плошчы быў недасканалым, ці адчувае адказнасць за людзей, якія прыйшлі па іх закліку на Плошчу? На гэта і іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае адзін Андрэй Дзмітрыеў.

Слухаць размову цалкам:

Лепшыя цытаты з размовы

У мяне няма куратара ў КДБ, які кажа, што рабіць, куды ісці і якую пазіцыю займаць. Але Някляеў кажа адваротнае ўжо два гады, і гэта ставіць мяне ў складаную сітуацыю: у суд не пойдзеш, бо мы ведаем, які ў нас суд, і не паб’ешся з ім з-за гэтай хлусні ― чалавек жа ва ўзросце.

Казаць, што ніякіх сувязяў са спецслужбамі ў нас няма, занадта рамантычна ― вядома, у якой краіне мы жывём. Але ніякіх сувязяў, калі кажуць, што рабіць, калі ўсё кіраўніцтва падпарадкоўвалася б КДБ ― такога ў “Гавары праўду”, безумоўна, няма.

Найхутчэй, у “Гавары праўду” сапраўды ёсць засланыя агенты, але мы цяпер не робім нічога, з-за чаго нам варта было б баяцца ўлады. 

Не бачу сэнсу казаць, колькі нам каштавала па грашах прэзідэнцкая кампанія 2010 года. Адно магу сказаць: сур’ёзная прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі прыкладна павінна каштаваць ад 5 і больш мільёнаў долараў.

Ад таго, якім маршрутам пайшлі б на Плошчу Някляеў і Статкевіч, ні сутнасць Плошчы, ні яе вынік не змяніўся б ― сам план Плошчы быў недасканалым, ён быў занадта наіўным і рамантычным.

Рашэнне змяніць маршрут дастаўкі гукаўзмацняльнай апаратуры прымаў штаб, а не я адзін. І трэба было гэта для таго, каб з дапамогай публічнасці абараніць апаратуру.

Статкевіча мы лічылі адной з пагрозаў для Плошчы, якую мы арганізоўвалі. І яго прывезлі да штаба Някляева, змяніўшы такім чынам яго маршрут падыходу на Плошчу для таго, каб мы маглі яго кантраляваць.

У нас быў план ― правесці перамовы з урадам. А ў Статкевіча ― ісці на штурм. Мы загадзя вырашылі, што калі на Плошчы Статкевіч пачне заклікаць людзей ісці на штурм ― вырубаць апаратуру і перадаваць слова Някляеву. Які павінен быў утрымаць Плошчу ад штурму.

Я адчуваю сябе вінаватым за той план Плошчы, які ў нас быў. Бо гэты план быў сцэнарыем, добрым для гульні, але кепскім для сапраўднай палітыкі. І калі на Калектарнай нас паклалі тварам у снег ― гэта быў канец казкі. Мы неадэкватна ацэньвалі сітуацыю і таму план наш быў неадэкватным.

Кожны на Плошчу прыйшоў за сябе, за сваю сям’ю. Але ў тым, што з імі потым здарылася на Плошчы, ёсць адказнасць і мая, і штаба “Гавары праўду” ― мы не прадумалі добра план дзеянняў і не здолелі абараніць людзей, якія прыйшлі за намі.

Мы вывучылі нашы памылкі і зараз дзейнічаем больш адказна.

Апазіцыя і без мяне добра спраўляецца, каб пастаянна сварыцца, і таму не здольная абраць адзінага кандыдата. Але калі яны кажуць што ў гэтым вінаваты я, то можа ім лепш увогуле сысці з палітыкі ― калі іх так лёгка перайграць?

Калі Някляеў сышоў з “Гавары праўду” то ніводзін чалавек не пайшоў следам за ім. Гэта азначае, што я ― адданы сябра каманды, а каманда ― адданая мне як лідару. А Някляеў хацеў, каб была не каманда, а “фан-клуб Някляева”.

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі