Дзяржаўныя ўніверсітэты недабіраюць 40% студэнтаў-платнікаў, прыватныя 60%
А ў БДУІР на платнае бяруць на 130 студэнтаў больш, чым летась.
“На дзённым набралі 60% ад таго, што планавалі. І 70% мы набралі на завочным, ад запланаванага. Канешне, фінансава гэта адаб’ецца, але не ў гэтым годзе, пазней”, — падводзяць вынікі ўступнай кампаніі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова.
І спадзяюцца, што ў наступным годзе кампенсуюць страты, набраўшы больш студэнтаў-платнікаў.
У прыватных універах справы горш. Інстытут сучасных ведаў імя Шырокага па некаторых спецыяльнасцях набірае толькі 40% студэнтаў. Конкурс пры паступленні ў гэтую ВНУ — толькі на адной спецыяльнасці.
“Вось “лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” мы набралі. Там конкурс быў 1,1. А вось іншыя спецыяльнасці — не: “дызайн” толькі 55%, "культуралогія" — 40%. Асноўная прычына — гэта высокія балы, якія трэба набраць на тэставанні, каб паступіць”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Інстытуце сучасных ведаў.
Сёлета, нагадаем, падвысілі балы, з якімі можна паступаць ва ўнівер. На тэставанні па беларускай і рускай мовах трэба было набраць 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы, хіміі і біялогіі — 15, па астатніх прадметах — 20 балаў.
Але закрывацца Інстытут сучасных ведаў не збіраецца: летась быў добры набор. Праўда, калі ў наступным годзе будзе столькі ж першакурснікаў, праблемы будуць сур’ёзныя, прагназуюць у ВНУ.
Ва Універсітэце культуры і мастацтваў недалічыліся бібліятэкараў: з 13 планаваных платных месцаў набралі менш за дзясятак жадаючых за грошы атрымаць гэтую адукацыю.
“Мы набралі амаль стоадсоткава на платнае. Толькі бібліятэкараў не набралася столькі, колькі планавалі”, — адказваюць у прыёмнай камісіі гэтай ВНУ.
Год вучобы на бібліятэкара для сёлетніх першакурснікаў каштуе амаль 10 мільёнаў рублёў. Не дзіва, што недабіраюць.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі студэнтаў-платнікаў, наадварот, стала больш, чым летась. Рэктар застаўся задаволены, паведамляюць у прыёмнай камісіі.
“У адносінах да мінулага году набралі на 130 больш чалавек на дзённае платнае. Праўда, на завочным менш на траціну, чым у мінулым годзе”, — падсумоўваюць у БДУІРы.
Фінансавых праблем з-за завочнікаў тут не прагназуюць.
Нагадаем, сёлета на паступленне прэтэндавалі 74 тысячы абітурыентаў, якія змаглі здаць цэнтралізаванае тэставанне. У дзяржаўных ВНУ для іх было 76 тысяч месцаў, 30,5 тысячы — бюджэтныя.
Фота: news.mail.ru