Дзяржава скарачае датацыі на грамадскі транспарт: квіткі падаражэюць?
Тралейбус у Мінску / Еўрарадыё
У праект бюджэту Беларусі на 2020 год закладзена зніжэнне дзярждатацый на грамадскі транспарт. У будучым годзе дзяржава мае намер выдаткаваць на гэта ўсяго 93,6% ад узроўню 2019 года. У абсалютных лічбах субсідаванне грамадскага транспарту скарачаецца на 22,6 мільёна рублёў: з 315,1 млн да 292,5 млн.
Такім чынам, урад зэканоміць на гарадскіх пасажырскіх перавозках больш за $10 млн. Рэгіёны гэтага не заўважаць: туды плануецца накіраваць нават больш грошай, чым раней, а доля субсідавання захаваецца на ўзроўні 20%. А вось мінчанам ў 2020 годзе, мяркуючы па ўсім, давядзецца больш плаціць за талончыкі і за жэтончыкі метро.
Апошні раз праезд у грамадскім транспарце даражэў ў Мінску ў 2017 годзе. Па дадзеных на 2018 год, жыхары сталіцы аплачвалі крыху больш за 60% ад рэальнага кошт талончыкаў і каля 75% ад рэальнага кошту жэтонаў метро, астатняе субсідавала дзяржава. У 2020 годзе сітуацыя зменіцца: доля дзяржсубсідый знізіцца да 30% для аўтобусных перавозак, да 35% для перавозак электратранспарту і да 10% для метрапалітэна.
За кошт чаго транспартныя арганізацыі будуць закрываць дзірку, якая ўтвараецца са скарачэннем дзяржсубсідый? Можна, вядома, спрабаваць скарачаць выдаткі. Але на паверхні ляжыць іншы адказ: давядзецца падымаць кошт праезду.
У 2020 годзе бюджэт Беларусі страціць з-за Расіі 663 мільёны долараў
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.