Дзяржбяспека Літвы: "Расатам" і Мінск утойваюць рэальную інфармацыю пра БелАЭС
Беларусь і расійская дзяржкарпарацыя "Расатам" пастаянна хаваюць інфармацыю аб рэальнай сітуацыі на Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС). Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы, перадае delfi.lt.
Справаздача пра дзейнасць ДДБ за мінулы год апублікаваная 29 красавіка. У ёй гаворыцца, што Беларусь і "Расатам" не паведамляюць дэталёвую інфармацыю пра інцыдэнты на БелАЭС.
Як сцвярджаюць аўтары дакумента, "Расатам" і беларускія ўлады з самага пачатку праекта замоўчввалі інцыдэнты пры будаўніцтве АЭС, паспешлівасць яе будаўніцтва, адсутнасць кваліфікацыі спецыялістаў і нядбайны падыход да патрабаванняў ядзернай бяспекі. Аднак усё гэта не стварала рызыкі радыеактыўнага забруджвання, пакуль станцыя не была запушчаная ў дзеянне.
"Інцыдэнты могуць мець больш сур'ёзныя наступствы пры эксплуатацыі атамнай электрастанцыі. Вельмі верагодна, што адсутнасць своечасовай інфармацыі аб рэальнай сітуацыі абмяжуе магчымасці аператыўнага кіравання сітуацыяй", — адзначаюць эксперты ДДБ.
У справаздачы гаворыцца, што "Расатам" хоча прэзентаваць БелАЭС як паспяховы праект, выкарыстоўваць яе як узор для ўкаранення сваіх тэхналогій і ўмацаваць свой уплыў у іншых краінах.
Літва выступала як асноўны апанент будаўніцтва Беларускай АЭС, размешчанай у непасрэднай блізкасці ад яе сталіцы — Вільні.
Як распавядала Еўрарадыё, таксама літоўскія спецслужбы заявілі пра ціск на сілавікоў з боку Беларусі падчас міграцыйнага крызісу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.