Дзяржкантроль прызнаў правал мадэрнізацыі цэментных заводаў. У іх уклалі $1 млрд

Дзяржкантроль прызнаў правал мадэрнізацыі цэментных заводаў. У іх уклалі $1 млрд

Камітэт дзяржаўнага кантролю прызнаў фактычны правал мадэрнізацыі цэментных заводаў. Укладзеныя ў гэтую праграму дзяржаўныя сродкі не прынеслі належнай аддачы. Пра гэта старшыня КДК Леанід Анфімаў заявіў на пасяджэнні калегіі ведамства.

"На мадэрнізацыю цэментных заводаў дзяржавай затрачаны каласальныя сродкі — больш за 1 мільярд долараў, на сотні мільёнаў долараў была аказана дзяржаўная падтрымка. Чаканай аддачы ад гэтых сродкаў пакуль няма", — прыводзіць БЕЛТА словы Анфімава.

Сёлета, па словах чыноўніка, пасля чарговай дзяржпадтрымкі па асобных паказчыках назіраецца паляпшэнне, але сітуацыі ў цэлым кепская. Заводы не здолелі цалкам аднавіць плацежаздольнасць і фінансавую ўстойлівасць. "А паколькі даўгі заводаў адтэрмінаваныя, сумы выплат па пагашэнні абавязацельстваў будуць расці з кожным годам", — дадаў старшыня КДК.

Анфімаў заявіў, што заводы неабгрунтавана звяртаюцца да пасярэднікаў як пры куплі сыравіны і матэрыялаў, так і пры рэалізацыі цэменту, асабліва на ўнутраным рынку. Страты заводаў ён ацаніў у мільёны рублёў. 

На сёння ў Беларусі існуе тры прадпрыемствы, якія вырабляюць цэмент: ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", ААТ "Беларускі цэментны завод" і ААТ "Крычаўцэментнашыфер". Яны ўваходзяць у холдынг "Беларуская цэментная кампанія". У 2012-2013 гадах на гэтых заводах адбылася мадэрнізацыя і ўвядзенне сучасных ліній па вытворчасці цэменту сухім спосабам. На мадэрнізацыю трох прадпрыемстваў было выдаткавана каля 1,1 мільярда долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі