Дзяўчынцы, чыё фота выкарыстоўваюць аферысты, самой спатрэбілася лячэнне
На важную рэабілітацыю для Сашы Іванцовай трэба дазбіраць 44 мільёны рублёў.
“На першы этап рэабілітацыі мы грошы сабралі. Вылятаем у польскую клініку Olinek 20 траўня. Другі абавязковы этап павінен адбыцца там жа ў сярэдзіне лета. Яшчэ трэба дазбіраць 44 мільёны. Рэабілітацыя накіравана на разумова-інтэлектуальнае развіццё, на раўнавагу. У гэтай клініцы вельмі добрая тэрапія рук, вельмі моцны накірунак ЛФК”, — паведамляе Еўрарадыё Яўгенія, маці 5-гадовай Сашы Іванцовай.
Еўрарадыё распавядала сумную гісторыю гэтай мінскай сям’і ў сакавіку. Дзяўчынцы паставілі дыягназ ДЦП. І беларускія дактары, па словах бацькоў, прадказалі, што малая будзе жыць у “раслінным стане”. Іванцовы звярнуліся да замежных медыкаў. Рэабілітацыя пачала прыносіць заўважны вынік. Але выдаткі на лячэнне для сям’і аказаліся непад’ёмнымі.
“Яшчэ на пачатку вясны Саша не магла самастойна стаяць і хадзіць. Але ў красавіку Саша зрабіла свае першыя крокі”, — згадвае матуля дзяўчынкі.
У той жа час вулічныя аферысты, якія раздрукавалі фота Сашы з інтэрнэту, пачалі ў розных беларускіх гарадах нібыта збіраць грошы на яе лячэнне. На справе, зразумела, махляры падманам ўзбагачаліся і працягваюць гэта паспяхова рабіць. Праваахоўныя органы дагэтуль не могуць абараніць сям’ю ад такіх махляроў.
Цяпер збор сродкаў адбываецца праз дабрачынны аўкцыён “Мае сэнс”.
З інфармацыяй, як дапамагчы Сашы, можна пазнаёміцца і ў гэтай суполцы ў сацсетках.