ЕГУ абвясціў конкурс на 17 выкладчыцкіх пасадаў
Кандыдаты павінны жыць у Вільні.
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт аб'явіў адкрыты конкурс на 17 пастаянных выкладчыцкіх пасад у акадэмічных дэпартаментах гісторыі, права, медыя і сацыяльных і палітычных навук. Так універсітэт хоча сфармаваць асноўны склад выкладчыкаў. Неабходным патрабаваннем з'яўляецца пражыванне ў Вільні, паведамляе tut.by. Выкладчыкі будуць працаваць па дамовах, падпісаных на пяць гадоў з магчымасцю падаўжэння.
Рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў кажа, што трэба замяніць часовыя працоўныя дамовы, якія заключаліся ў перыяд, калі не чакалася такога доўгага выгнання універсітэта з Беларусі. Па яго словах, студэнтам трэба выкладчыкі, якія заўсёды на месцы, да якіх у любой момант можна звярнуцца і якія цалкам прысвячаюць сябе універсітэту ў плане выкладання, навуковых даследаванняў і ўдзеле ў жыцці акадэмічнай супольнасці. Самім выкладчыкам адміністрацыя абяцае сацыяльныя гарантыі і льготы.
Адміністрацыя чакае, што многія выкладчыкі, якія працуюць у ЕГУ цяпер, таксама пададуць заяўкі на пастаянныя пасады. Новы выкладчыцкі склад прыступіць да сваіх працоўных абавязкаў з 1 кастрычніка 2014 года — з пачатку восеньскага семестра ў ЕГУ.
Нагадаем, што ў сярэдзіне студзеня ў ЕГУ абвастрыўся канфлікт паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, звязаны з рэформай прафесарска-выкладчыцкага складу. Прадстаўнікі платформы "За новы ЕГУ" лічаць, што абвяшчэннем конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пазіцый адміністрацыя ВНУ наўпрост ўмяшалася ў дзейнасць сената і фактычна прысвоіла яго паўнамоцтвы.
Фота — n-europe.eu