Экс-дырэктарку фабрыкі "Слодыч" асудзілі на тры гады калоніі (відэа)
Таксама Таццяна Селіх пазбаўленая права на працягу пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый.
Яе прызналі вінаватай у злоўжыванні службовым становішчам у асабістых мэтах, а таксама ў арганізацыі незаконнага вырабу і збыту спецыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі.
Прысуд абвешчаны 26 мая ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Суд пастанавіў не канфіскоўваць маёмасць абвінавачванай і зняў арышт з яе маёмасці, перадае БелаПАН.
Нагадаем, што дырэктарка кандытарскай фабрыкі загадала за кошт прадпрыемства набыць спецыяльнае падслухоўвальнае і гуказапісвальнае абсталяванне і ўсталяваць яго ў службовых памяшканнях. Уся інфармацыя аб размовах супрацоўнікаў назапашвалася на камп'ютары дырэктаркі.
Лічыцца, што Селіх дзейнічала з мэтай атрымання інфармацыі пра службовае і асабістае жыццё сваіх падначаленых. Ахвярамі праслухоўвання, па інфармацыі следства, сталі больш за 35 супрацоўнікаў фабрыкі. Шкода непасрэдна "Слодычы", звязаная з закупкай абсталявання, ацэньваецца ў 202 млн рублёў, які жанчына кампенсавала.
Сваю віну Селіх не прызнала ні падчас следства, ні ў судзе.
Фота — onliner.by