Экс-начальніка Транспартнай інспекцыі асудзілі на 4,5 года за хабарніцтва
Суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў экс-начальніка Транспартнай інспекцыі Мінтранса Леаніда Лемеша да 4,5 года пазбаўлення волі за хабар, перадае БЕЛТА. Адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чыноўніка прызналі вінаватым у атрыманні хабару і замаху на паўторнае атрыманне хабару. Ён таксама пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйных абавязкаў на тэрмін 5 гадоў.
Па гэтай самай справе асуджаны і начальнік 4-га ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Мікалай Жураўлёў. Яго асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за махлярства і падбухторванне да дачы хабару. Жураўлёў пазбаўлены звання падпалкоўніка фінансавай міліцыі, а таксама пазбаўлены права займаць пасады ў праваахоўных органах на тэрмін 5 гадоў.
Па версіі следчых, начальнік Транспартнай інспекцыі браў хабар з ліпеня 2015 года па 20 красавіка 2017-га ў сваім службовым кабінеце. Грошы яму давалі за дазвол на праезд фураў па тэрыторыі замежных дзяржаў. У справе фігуруюць сумы ў 50, 100, 200 долараў. Таксама чыноўнік не грэбаваў каньяком, мужчынскай туалетнай вадой ды іншымі каштоўнасцямі. Затрымалі яго 20 красавіка 2017 года.
Супрацоўнік ДФР Мікалай Жураўлёў, як выявіла следства, падбухторваў камерцыйныя фірмы да давання хабару начальніку Транспартнай інспекцыі.