Экс-рэдактар "СБ": у Курапатах усё ішло добра, пакуль не ўмяшаўся "генштаб"

Экс-рэдактар "СБ": у Курапатах усё ішло добра, пакуль не ўмяшаўся "генштаб"

Былы галоўны рэдактар галоўнай афіцыйнай газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч раскрытыкаваў знос крыжоў у Курапатах. Ён даў вялікае інтэрв'ю Радыё "Свабода"

Сваім часам Павел Якубовіч стварыў грамадскую ініцыятыву па мемарыялізацыі ўрочышча Курапаты. "Я вельмі спадзяваўся, што тыя, каму належыць, зразумеюць, што трэба раіцца з людзьмі, што патрэбны дыялог, дыскусія, але не прыязджаць на аўтакранах і вырываць тое, што зрабілі іншыя. Урэшце, размова ідзе пра такія сакральныя рэчы, як хрысціянскія крыжы. Гэта не проста клумбу пасадзілі ці клумбу разварушылі дзеля гаспадарчай зачэпкі. Гэта яшчэ і вельмі інфернальная і важная для свядомасці рэч", — кажа былы высокапастаўлены чыноўнік.

Па словах Якубовіча, ён катактуе і з навуковай кіраўніцай мемарыялу Курапаты Маяй Кляшторнай, і з кіраўніком грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Алесем Чахольскім. "Я ніколі не сустракаўся з Дашкевічам. Севярынца дастаткова добра ведаю. Я з глыбокай павагай стаўлюся да гэтых людзей. Гэта высокаідэйныя людзі. І час урэшце расставіць усё на свае месцы. Такія людзі прасоўваюць грамадска значныя і карысныя ініцыятывы", — пахваліў ён абаронцаў Курапатаў.

Па словах Якубовіча, створаная ім ініцыятыва спярша была прынятая станоўча. У тым ліку і кіраўніцтвам КДБ. "Прадстаўнікі КДБ узялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, у прыватнасці ў "круглым стале", на якім на ўвесь свет было недвухсэнсоўна і кампетэнтна заяўлена, што ў Курапатах знаходзяцца ахвяры палітычных рэпрэсій. Пра "круглы стол" шмат паведамлялася па тэлебачанні і ў многіх СМІ. Было сказана, што там ляжаць ахвяры палітычных рэпрэсій пэўнага гістарычнага перыяду, і гэта можна назваць сталінскімі рэпрэсіямі", — распавядае ён.

Па выніках гэтых пасяджэнняў была створаная грамадская камісія, куды ўвайшлі не толькі Чахольскі, але, напрыклад, і гісторык Ігар Кузняцоў, і абаронца Курапатаў Ганна Шапуцька. "Гэта вельмі сціплая і важная місія — мемарыял павінен быў быць захаваны, усё, што было зроблена грамадскасцю, памятныя знакі, крыжы і многае іншае. Я сваю пазыцыю тлумачыў: ніводзін крыж не будзе знішчаны. Было абяцана, што нічога прыбірацца не будзе, што проста адбудзецца добраўпарадкаванне, і гэтае месца застанецца недатыкальным. Мы правялі збор ахвяраванняў на невялікі помнік, які бачыўся як лапідарны, які адлюстроўвае сутнасць таго, што там адбывалася", — дзеліцца ўспамінамі Якубовіч.

Аднак потым усё пайшло не так, як меркавалася. Якубовіч прызнаецца, што загад на Курапаты быў спушчаны з самага верху: "Але, як у вядомай кнізе пра Швейка, усё ішло добра, пакуль не ўмяшаўся генеральны штаб. Мне цяжка назваць прычыну. Была перахопленая ініцыятыва, камісія была забытая і пасунутая ў бок пэўным начальствам, мяне звольнілі з газеты. І пачаўся звыклы бюракратычны падыход".

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі 1 сакавіка крыжы па перыметры Курапатаў раскратакаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, быццам крыжы не мусяць быць бачныя з Мінскай кальцавой аўтадарогі. У выніку 4 красавіка Бараўлянскі спецлясгас знёс 70 драўляных крыжоў, усталяваных летась. А 13 красавіка — яшчэ каля дзясятка металічных крыжоў, якія стаялі акурат з боку МКАД. На месцы знесеных металічных крыжоў былі пасаджаныя дрэвы. Гэтыя дзеянні рэзка асудзіў кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, які заклікаў спыніць "крыжалом".

Па словах Якубовіча, бюракратычныя дзеянні ўладаў абвастрылі сітуацыю. "Яны робяць тое, што было задумана нашай камісіяй — тая ж агароджа, тыя ж месцы для лавачак. Але гэта можна было зрабіць без шуму, без напружання, разам з грамадскасцю. Цяпер у ролі мастацтвазнаўцаў выступаюць нейкія маёры міліцыі, на якіх узваленае вырашэнне вялікай духоўнай праблемы, а таксама леснікі, якія вымушаныя замест гісторыкаў і спецыялістаў тлумачыць, чаму яны так робяць. У ХХІ стагоддзі вырываць крыжы? Такія рэчы абгаворваюцца, як мінімум з кіраўнікамі канфесій, грамадскасцю, вернікамі. Добраўпарадкаваньне можна было зрабіць, але без брутальнасці, без крыжалому, як сказаў арцыбіскуп, і без усіх гэтых асаблівасцяў, якія паказваюць трыюмф бюракратызму. І ў выніку з'явілася вялікая колькасць незадаволеных людзей", — крытыкуе ён знос крыжоў у Курапатах. 

Больш важных навін за дзень у падкасце праграмы ЕЎРАЗУМ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі