Экс-вайсковец: Беларусь мае шанцы стаць трыгерам да сусветнай вайны

Цяпер Беларусь — астравок нестабільнасці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Цяпер Беларусь — астравок нестабільнасці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расія вядзе да сусветнай вайны, і пачацца ўсё можа з Беларусі, лічыць былы беларускі сілавік найвышэйшага звяна Яраслаў (імя змененае).

Еўрарадыё даведалася ў экс-вайскоўца, як выглядае цяперашняя вайна яго вачыма, што не так робяць беларускія добраахвотнікі ва Украіне і чаму "астравок стабільнасці" — прыдатнае месца для развязвання сусветнай вайны.

 

Улады не дарэмна баяцца беларускіх добраахвотнікаў

Беларускія ўлады лічаць пагрозай беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, і гэта абсалютна абгрунтавана. Тым больш што перасячы ўкраінска-беларускую мяжу рэальна, адзначае Яраслаў.

Экс-военный: Беларусь имеет шансы стать триггером к мировой войне
Баец батальёна імя Каліноўскага / тэлеграм

— Людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у нейкіх баявых дзеяннях, бяруць на заметку. Яны ж нічога не баяцца. Калі яны прайшлі гарачыя кропкі і потым не спіліся, не скалоліся, яны небяспечныя для абсалютна любой дзяржавы. Таму, натуральна, усіх, каго могуць вылічыць з добраахвотнікаў, вылічылі і трымаюць на заметцы [ў Беларусі. — Еўрарадыё].

У тым ліку таму беларусы, якія паехалі ваяваць ва Украіну і не хаваюць гэтага, робяць вельмі неабдумана, адзначае суразмоўнік. Магчыма, гэта мэтазгодна з пункту гледжання распаўсюджвання інфармацыі пра тое, што беларусы падтрымліваюць Украіну, але ім самім гэта не нясе нічога, акрамя рызык.

— Як працуе Французскі замежны легіён: табе мяняюць асобу і ты ніколі больш, прынамсі, пакуль выконваеш кантракт, нідзе не выступаеш з адкрытым забралам.

Гэта найважнейшае правіла, таму што практычна ва ўсім свеце ёсць адказнасць за наёмніцтва. Яны падстаўляюць сябе і сваякоў, якія ў Беларусі. Можа быць, яны і някепскія ваяры, але гэта несур'ёзна. Магчыма, ты ўжо дзесьці ў вышуку, прычым нават у вышуку Інтэрпала.

Экс-военный: Беларусь имеет шансы стать триггером к мировой войне
Калі-небудзь украінцы ацэняць падтрымку беларусаў / фота з сацсетак

З пачатку вайны Яраслаў паспеў пабываць ва Украіне і меў шмат зносін з расіянамі. Ён адзначае, што ў Расіі ёсць сур'ёзны раскол у грамадстве.

— Палова кажа, што ваююць з фашызмам: "Мы будзем лебяду зноў есці, абы перамагчы фашызм". І палова тых, хто кажа: "Хлопцы, мы робім няправільна". У другім выпадку большасць рэальна баяцца сесці. Магчыма, калі ў іх стане вельмі-вельмі дрэнна з асабістымі грашыма, проста прыйдуць на Красную плошчу. Пакуль яны абураюцца, але ціха.

Што да Украіны, то там часта крыўдзяць беларусаў і крыўдзяцца на іх. Аднак беларусы працягваюць дапамагаць, чым могуць.

— Не стае беларусаў, каб воінскі ўклад быў важкі. Больш важны, бадай, гуманітарны кірунак і інфармацыйная падтрымка. Для беларусаў гэта вельмі характэрна, на кавідзе яны ў гэтым вельмі напрактыкаваліся. Яны дапамагаюць: хто грашыма, хто добрым стаўленнем. Хтосьці прытуліў, вывез чалавека ці проста навіны распаўсюдзіў. Гэта вельмі важна. Хоць на нас і будуць крыўдзіцца, таму што ўсім жа паказалі, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, але калі-небудзь гэта пройдзе і беларусаў ацэняць за тое, што яны былі побач.

 

Палесцінска-ізраільскі сцэнар і сусветная вайна

Экс-военный: Беларусь имеет шансы стать триггером к мировой войне
Полымя і дым ад ізраільскіх паветраных удараў на поўдні сектара Газа ў траўні 2021 года / Reuters

На думку суразмоўніка, вайна становіцца зацяжной, прычым не на гады, а на дзесяцігоддзі па аналогіі з канфліктам паміж Палесцінай і Ізраілем.

— Спачатку тыя, хто ваяваў на Балканах, думалі, што магчымы балканскі варыянт: праз умяшанне знешніх сіл усё спыніцца. Але ні санкцыі, ні ААН не спрацоўваюць. Значыць, хутчэй за ўсё, будзе палесцінска-ізраільскі варыянт. Прынамсі, пакуль існуе Расія ў тым фармаце, у якім яна існуе.

Вайна будзе доўга, і я сур'ёзна асцерагаюся, як бы не пачалася сусветная вайна. Таму што расіяне да гэтага вядуць. Ідзе нагнятанне выведкамі, дыпламатамі, армейцамі і, натуральна, у СМІ. Нас усіх рыхтуюць да вайны. Не хачу рабіць на гэта вялікую стаўку, але ёсць сур'ёзная апаска.

Што да Беларусі, то паміраць на чужой вайне ніхто не хоча, але беларускае войска дастаўляе сур'ёзныя непрыемнасці Украіне, падкрэслівае Яраслаў.

— З пункту гледжання тактыкі, яны [Лукашэнка і Пуцін. — Еўрарадыё] не дарма раз на некалькі месяцаў сустракаюцца. Маё бачанне сітуацыі: нашым як хаўруснікам пастаўлена задача пастаянна трымаць Украіну і НАТА ў тонусе.

Калі ў іх з вайной нешта не заладзіцца, не выключаю, што па пагадненні бакоў да нас на межы зойдуць [расійскія. — Еўрарадыё] ўдарныя часці. Калі яны не будуць пешшу ва Украіну заходзіць, то, прынамсі, ракетныя ўдары з нашага боку будуць не таму, што на нас нібыта нападаюць, а таму, што мы хаўруснікі. Гэтага я сур'ёзна асцерагаюся, таму што гэта можа і паслужыць трыгерам да вялікай вайны, — робіць выснову Яраслаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі