Эксперт: Баевікі днём адводзяць тэхніку, а ноччу вяртаюць на тыя ж пазіцыі

Кіраўніцтва самаабвешчаных ДНР/ЛНР заяўляе, што завяршыла адвод цяжкой ваеннай тэхнікі на адлегласць 15 кіламетраў ад лініі фронту. І, маўляў, такім чынам выконвае “мінскія пагадненні”. Факт адводу тэхнікі ў сваёй справаздачы адзначаюць нават назіральнікі АБСЕ — 4 калон у “ДНР” і 2 — у “ЛНР”.

Але ваенны эксперт Юрый Карын сцвярджае, што гэта былі паказальныя адводы і што давяраць баевікам нельга.

Юрый Карын: “Ні ў якім разе гэтым “сябрам” верыць нельга — гэта фіксуюць і нашы афіцыйныя ўлады, і прадстаўнікі АБСЕ. Што адбываецца на самай справе: яны паказальна састаўляюць калону, днём адводзяць яе на пэўную адлегласць, а ноччу вяртаюць на месца. Па нашых звестках, адведзена адсоткаў 10-15. Хутчэй за ўсё падраздзяленні, якім патрабуецца дакамплектацыя, і тэхніка, якой патрабуецца рамонт, не больш. Астатняя адведзеная на невялікую адлегласць, добра замаскіраваная. На самай справе тэрарыстычныя войскі праводзяць перагрупоўку для далейшых наступальных дзеянняў”.

                         Юрый Карын

Тым не менш, сцвярджае эксперт, украінскі бок, нават ведаючы пра такі “адвод” тэхнікі баевікоў, дакладна прытрымліваецца “мінскіх пагадненняў” і сваю цяжкую ваенную тэхніку адводзіць на неабходныя 15 кіламетраў ад лініі сутыкнення.

Прадстаўнік Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ на пытанне Еўрарадыё, ці сапраўды сепаратысты выконваюць другі пункт “мінскіх пагадненняў” па адводзе цяжкой тэхнікі, адказвае асцярожна.

Місія АБСЕ: “Мы адзначалі, што ёсць розніца паміж маніторынгам і працэсам адвядзення, вітаем тое, што бакі сумесна прытрымліваюцца “мінскіх дамоўленасцяў” і робяць адпаведныя крокі. Ну і мы адзначаем, што ўсё гэта (адвядзенне тэхнікі — Еўрарадыё) не адбываецца ў адзін дзень — гэта працэс”.

Тым не менш яшчэ 27 лютага так званы прэм’ер-міністр “ДНР” Аляксандр Захарчанка заявіў, што яны “ў аднабаковым парадку пачалі адвод цяжкога ўзбраення і на сённяшні дзень адвялі 90% тэхнікі”. А да 4 сакавіка нібыта “адвядзе ўсю ўказаную ў дакуменце тэхніку на  адпаведную адлегласць”.

Але ў штабе Антытэрарыстычнай аперацыі прытрымліваюцца такога ж меркавання, як і эксперты Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў. Больш за тое, па словах спікера АТА Андрэя Лысенкі, баевікі рыхтуюць наступ.

                                            Андрэй Лысенка

Андрэй Лысенка: “Фіксуюцца прыкметы падрыхтоўкі праціўніка да далейшых наступальных дзеянняў на марыупальскім, арцёмаўскім і луганскім кірунках”.

Калі паглядзець на мапу зацверджанай “мінскімі пагадненнямі” буфернай зоны, то бачна, што мяжа яе праходзіць акурат праз Марыупаль. А гэта азначае, што з самога горада цяжкая ваенная тэхніка павінная быць выведзеная.

“Калі ўкраінскі бок пойдзе на адвод тэхнікі ў Марыупалі, мы страцім горад”, — папярэджвае Юрый Карын.

Кіраўніцтва краіны выдатна разумее гэтую небяспеку і пралічвае магчымыя варыянты атакі на Марыупаль пасля імавернага адводу цяжкай ваеннай тэхнікі з горада, супакойвае палітолаг Яўген Магда.

Яўген Магда: “Таму ўжо сёння ёсць загад спачатку адказваць на агонь, а потым ужо дакладаць пра факт кіраўніцтву АТА. Украіна вучыцца ваяваць дастаткова хутка і эфектыўна, і думаю, што не будзе бліц-крыга “Дойдзем да Харкава” і гэтак далей”.

З іншага боку, у буферную зону з боку сепаратыстаў трапляюць такія буйныя гарады, як Данецк, Луганск і Горлаўка. Але адказваць на атаку, да прыкладу, Марыупаля атакай на адзін з гэтых гарадоў украінскія ваенныя не будуць ні ў якім выпадку, сцвярджае Юрый Карын. “Гэта баевікі не з’яўляюцца суб’ектамі міжнароднага права і могуць, па вялікім рахунку, рабіць усё, што захочуць”, — звяртае ўвагу Яўген Магда. З Украінай сітуацыя іншая.

                             Яўген Магда

Паказальна ці не, але выкананне другога пункту “мінскіх пагадненняў” адбываецца. Магчыма, нарэшце дойдзе і да выканання пункту трэцяга — абмену палоннымі?

Юрый Карын: “Абмен палоннымі прадугледжаны пасля 19 дзён пасля адводу цяжкой тэхнікі і пасля ўсталявання нейкай там мяжы пад наглядам АБСЕ. І ўжо пасля гэтага — раззбраенне незаконных узброеных фармаванняў для правядзення выбараў на тых тэрыторыях”.

Праўда, імавернасць таго, што да выканання гэтых пунктаў пагаднення справа дойдзе, ваенны эксперт ацэньвае як вельмі нізкую. Хаця б таму, што прычыны не спяшацца з іх выкананнем ёсць і ва Украіны, звяртае ўвагу Яўген Магда. Справа ў Надзеі Саўчанка, якая знаходзіцца за кратамі ў Расіі. Афіцыйны Кіеў, упэўнены эксперт, будзе настойваць на тым, каб і яна была ўключаная ў спіс абмену “ўсіх на ўсіх”, але Масква адмаўляецца прызнаваць ўкраінскую лётчыцу ваеннапалоннай.

Адпаведна, робяць высновы суразмоўцы Еўрарадыё, казаць сёння, колькі часу зойме выкананне “мінскіх пагадненняў”, складана. Гэта ў выпадку, калі выкананне пункту па адводзе цяжкой ваеннай тэхнікі будзе сапраўды выкананае, а вясна не прынясе новай эскалацыі канфлікту на Данбасе. 

Фота: tvrain.ru , Змітра Лукашука, з архіваў Яўгена Магды і Юрыя Карына

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі