Эксперт: Мінск даводзіць Захаду, што Беларусь — не сатэліт Расіі
Выклік у беларускі МЗС літоўскага амбасадара ў адказ на рэзкія словы прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ — гэта спроба афіцыйнага Мінска яшчэ раз давесці Захаду ― наша краіна не сатэліт Расіі, нягледзячы на шчыльнае супрацоўніцтва ў ваеннай сферы паміж нашымі краінамі. Такое меркаванне ў каментарыі Еўрарадыё выказвае палітолаг Андрэй Елісееў.
Елісееў: “Выклік амбасадара ― гэта даволі рэзкі крок, каб лепш падкрэсліць Захаду, што хоць Беларусь і з’яўляецца фармальна вайскова-палітычным саюзнікам Расіі, тым не менш з’яўляецца суверэннай дзяржавай і мае намер праводзіць, наколькі гэта магчыма, палітыку лавіравання паміж Захадам і Расіяй. Гэта дэманстрацыя нашага нежадання, каб нас успрымалі сатэлітам Расіі ва ўмовах, калі яе адносіны з Захадам усё больш пагаршаюцца”.
Нагадаем, 5 чэрвеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала “выклікам і пагрозай” суседства з Расіяй і Беларуссю. І выказала занепакоенасць з нагоды “выкарыстання тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і будучыя вайсковыя вучэнні “Захад-2017”. Увечары таго ж дня ў МЗС Беларусі выклікалі літоўскага пасла Андруса Пулокаса і запатрабавалі тлумачэння ў сувязі з заявамі Грыбаўскайтэ. У адказ на гэта літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус заявіў 7 чэрвеня, што Літва цэніць эканамічнае партнёрства з Беларуссю, аднак “не можа ігнараваць праблемы, якія існуюць у гэтай краіне”.
На думку Андрэя Елісеева, ніякіх дыпламатычных ці палітычных наступстваў гэты скандал мець не будзе ― да адклікання амбасадараў справе не дойдзе. Гэта проста напружанне ў адносінах напярэдадні расійска-белраускіх ваенных вучэнняў, што пройдуць у нашай краіне ў верасні.