Эксперт: самыя амбіцыйныя могуць сысці з Аб'яднанага пераходнага кабінета

Прадстаўнікі Кабінета Азараў, Латушка, Ціханоўская, Кавалеўскі і Сахашчык на канферэнцыі дэмсіл 9 жніўня 2022 года / Еўрарадыё
Прадстаўнікі Кабінета Азараў, Латушка, Ціханоўская, Кавалеўскі і Сахашчык на канферэнцыі дэмсіл 9 жніўня 2022 года / Еўрарадыё

Аб'яднанаму пераходнаму кабінету няма чаго прад'явіць у якасці поспехаў за паўгода працы. Калі так будзе працягвацца, то на фоне скандалаў некаторыя палітыкі накшталт Паўла Латушкі і Валерыя Сахашчыка могуць сысці і рабіць палітычную кар'еру асобна ад Кабінета. Такое меркаванне выказаў у эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

Мы даведаліся, чаму Кабінет яшчэ трымаецца разам і ці шмат у яго часу.

З таго, што можа рабіць Кабінет — гэта прасоўваць меры, якія спрашчаюць жыццё беларусаў за мяжой. У астатнім асаблівых поспехаў няма, але і стымулаў, каб кабінет разышоўся, таксама пакуль няма.

Для ўдзельнікаў Кабінета, ці для большасці, стымулы наладжаныя так, каб не распускаць яго, а застацца. Таму што яны хутчэй згубяць ад таго, што цяпер скажуць "паўгода, мы не справіліся, разыходзімся". Таму, думаю, што Кабінет працягне сваё існаванне. Так для ўдзельнікаў працэсу і іх прыхільнікаў будзе лепш, а не таму, што ўсе ўскладаюць на яго нейкія рэвалюцыйныя надзеі, — кажа Арцём Шрайбман. — Але пры гэтым не думаю, што трэба быць суперпразорлівым аналітыкам, каб заўважыць, што за паўгода набліжэння да перамогі яснасці няма, стратэгію яны не сфармулявалі, хоць абяцалі.

Увесь гэты час былі скандалы з членамі Кабінета. Хай сабе, гэта з усімі бывае. Я так разумею, ёсць яшчэ нявырашаныя пытанні з фінансаваннем. Таму яны ў нейкім сэнсе павінны будуць альбо вынайсці новы расклад, альбо неяк перафарматавацца. Старыя нейкія фігуры прыбраць, новыя падняць.

Кабінет сутыкнуўся з праблемай, якую эксперты прадбачылі першапачаткова. Складана адпавядаць планцы і чаканням, якія былі падчас стварэння структуры. Пры гэтым, калі мяняць склад Кабінета, то незразумела, чаму ў новага кіраўніцтва раптам атрымаецца ўсё тое, што не выходзіць у Ціханоўскай, адзначае эксперт.

Калі поспехаў не відаць, ці доўга зможа пратрываць Кабінет?

Пакуль для членаў Кабінета палітычна выгадна заставацца разам, у іх ёсць час. Але шлейф скандалаў і таксічнасці, які з сабой цягне Кабінет, можа перавысіць стымулы амбіцыйных людзей знаходзіцца ў ім.

У першую чаргу я маю на ўвазе Латушку і, можа быць, Сахашчыка. Ён ужо атрымаў сваю порцыю грамадскай увагі і падтрымкі і, напэўна, нейкія амбіцыі мае.

Магу сабе ўявіць, што калі праз год гісторыя Кабінета стане гісторыяй скандалаў даўжынёй у год, то ў нейкі момант амбіцыйныя людзі ўнутры могуць сказаць: "Ладна, з мяне досыць, я вяртаюся ў сваю структуру і буду рабіць сваю асобную палітычную кар'еру, таму што мне гэта нічога не дае". Але як хутка гэта адбудзецца, залежыць ад узгаднення волі розных людзей, якіх я нават не ўсіх асабіста ведаю, таму складана меркаваць, — заключае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі