Эксперты пра мінскія перамовы: Не дамовіліся пра Крым і федэралізацыю

Лідары краін “нармандскай чацвёркі” 16 гадзін абмяркоўвалі ў Мінску крызіс ва Украіне. Асноўныя вынікі падпісанага мемарандуму: спыненне агню з 15 лютага, адвод цяжкай тэхнікі, абмен палоннымі. Еўрарадыё распытала экспертаў, пра што палітыкі дамовіцца не змаглі.

Кіеўскі эксперт Косць Бандарэнка: “Два асноўныя моманты: пазаблокавы статус Украіны і федэралізацыя, на чым настойвае Пуцін. Гэтыя два моманты непрымальныя для Украіны. Трэці пункт, магчыма, — кантроль мяжы з боку "ДНР" і "ЛНР". Для Расіі непрымальнае ўзнаўленне кантролю на мяжы Украінай. Неўступленне ў NATO — непрымальнае для Пятра Парашэнкі, бо гэта пункт яго праграмы”.

Кірыл Коктыш, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў:

“Палітыкі дамаўляюцца аб прынцыпах. Пасля другі ўзровень вырашае, як гэта зрабіць. Дык вось, высветлілася, што не знайшлі тэхналагічнага рашэння. Прынцыпы могуць зноў нічога не каштаваць. Спачатку аб прынцыпах усе дамовіліся, але калі дакументы перайшлі да працоўнай групы, усё прыпынілася”.

Спецыяліст у галіне міжнародных адносінаў з Расіі Дзмітрый Балкунец: “Бакі прыйшлі да нейкага кансенсусу. Відаць, знайшлі кропку, якая ўсіх задаволіць. Але пытанне, чаму перамір’е толькі праз тры дні пасля перамоваў? Незразумела, якую ролю будуць граць прадстаўнікі “ДНР” і “ЛНР”. Няясна, пра якія выбары дамовіліся бакі. Пытанне таксама, што са статусам Крыма. Статус Украіны ў межах супрацоўніцтва з ЕС таксама не вядомы. Незразумелая таксама сітуацыя з газам для Украіны. Ваенны статус Украіны і яе ўдзел у блоках, у NATO, у прыватнасці — гэта таксама незразумела”.

Украінскі аналітык Яўген Магда: “Расія, скажам проста, “валяе Ваньку” ў пытаннях закрыцця расійска-ўкраінскай мяжы. Вось калі будуць кампрамісы з боку Расіі, у першую чаргу, якая ўзяла на ўзбраенне тактыку адмаўлення відавочнага, тады можна будзе казаць пра прагрэс у перамовах, хай і паступовы”.

Украінскі эксперт Уладзімір Фісенка: “Для Украіны непрымальная так званая федэралізацыя, якая фактычна азначае разбурэнне краіны знутры. Бо гаворка ідзе не пра еўрапейскую федэралізацыю, а па сутнасці, пра ператварэнне краіны ў канфедэрацыю фармальна незалежных дзяржаў”.

Перамовы ў “нармандскім фармаце” пачаліся ў Мінску ў Палацы Незалежнасці 11 лютага ўвечары. У сустрэчы ўдзельнічалі канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Па выніках сустрэчы палітыкі падпісалі мемарандум, які ўключае спыненне агню, адвод тэхнікі, абмен палоннымі і амністыю для ўдзельнікаў ваенны дзеянняў.

Фота 1: tut.by

Фота: tvrain.ru, sobesednik.ru, from-ua.com, obozrevatel.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі