Эксперты: Саміт для Беларусі будзе пустым, Лукашэнку няма чаго рабіць у Бруселі

Эксперты: Саміт для Беларусі будзе пустым, Лукашэнку няма чаго рабіць у Бруселі

Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства. Нягледзячы на тое, што наша краіна “з удзячнасцю прыняла запрашэнне наведаць саміт на ўзроўні кіраўніка дзяржавы”, узначаліць беларускую дэлегацыю міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Пра гэта заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

На думку старшага аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова, адмова Аляксандра Лукашэнкі ад удзелу ў саміце фактычна азначае, што ўзровень адносін паміж Беларуссю і ЕС яшчэ не высокі.

Мельянцоў: “Я б нават сказаў, што ў нас ніякі ўзровень супрацоўніцтва, каб туды ехаць прэзідэнту краіны. Важна ўзгадаць, што паміж Еўрасаюзам і Беларуссю ўвогуле няма ніякай заканадаўчай базы супрацоўніцтва. Цяпер беларускі бок уздымае пытанне наконт падпісання адноўленай дамовы пра супрацоўніцтва і партнёрства, але Брусель пакуль не гатовы да гэтага. Еўрапейскі бок не паабяцаў, што будзе хаця б нейкі зрух на гэтым саміце ў бок падпісання альбо гэтай дамовы, альбо дамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму. Гэта азначае, што саміт для нашай краіны будзе “пусты”, і ехаць туды для прэзідэнта не мае ніякага сэнсу”.

Да ўсяго, дадае кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман, візіт губляе сэнс без сур’ёзных двухбаковых сустрэч.

Прэйгерман: “Калі Лукашэнка не едзе, значыць, няма крытычнай масы двухбаковых сустрэч, няма тэм, якія дазволяць падкрэсліць, што адносіны прасоўваюцца наперад. Пасля такой паўзы, і ехаць, каб паўдзельнічаць у шматбаковым і досыць пустым саміце, напэўна, было б не вельмі рацыянальна”.

А таму не важна, лічаць эксперты, хто будзе на чале беларускай дэлегацыі падчас саміту ў Бруселі.

Мельянцоў: “Ёсць у гэтай сітуацыі з адмовай Лукашэнкі ехаць на саміт невялічкі “асадачак”, але ён ― з еўрапейскага боку. Брусель вельмі доўга наважваўся, каб запрасіць беларускага кіраўніка да сябе на саміт і вось пасля зняцця санкцый усё ж наважыўся. Мяркую, ім было не вельмі ёмка гэта рабіць, але яны яго запрасілі, але кіраўнік Беларусі не едзе. Тут ёсць пэўнае расчараванне”.

Па словах экспертаў, падчас саміту будуць абмяркоўвацца не канкрэтныя дамоўленасці, а “прыярытэты партнёрства”, што робіць яго не абавязковым для прысутнасці кіраўніка краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі