Эксперымент: як мы правяралі сапраўднасць подпісаў (частка 2)

Рэпартаж пра тое, як у рэдакцыю Еўрарадыё трапілі копіі падпісных лістоў і чаму далёка не ўсе ініцыятыўныя групы пагадзіліся іх паказаць — можна пачытаць у першай частцы. А цяпер — як Еўрарадыё правярала сапраўднасць атрыманых подпісаў.

“У ЦВК мы подпісы не правяраем, гэтым займаюцца тэрытарыяльныя камісіі. Туды ж ініцыятыўныя групы і здаюць падпісныя лісты”, — расказвае загадчыца Арганізацыйна-прававога аддзела Цэнтрвыбаркама Алена Дмухайла.

Працэдура наступная: спачатку падпісныя лісты вывучаюць візуальна. Шукаюць аднолькавыя подпісы, каб не здарылася такога, што адзін чалавек падпісваўся адразу за некалькіх.

“Гэта можна ўбачыць. Па асаблівасцях почырку, напрыклад. Ёсць асаблівыя загагуліны, характэрныя. Яны сведчаць пра тое, што адзін чалавек пакінуў некалькі подпісаў”, — расказваюць у ЦВК.

Наступны этап — праверка подпісаў, якія выклікалі пытанні: “Даём запыт у Аддзелы па грамадзянстве і міграцыі. Магчыма, такі чалавек увогуле не жыве па пазначаным адрасе”. Запыт у “органы” могуць накіраваць і па тых падпісантах, якія пытанняў не выклікалі.

Апошні і самы надзейны этап праверкі — размова з самім падпісантам.

“Абтэлефаноўваем па адрасах. Калі чалавек кажа, што ён ні за каго не распісваўся, нам усё адразу зразумела”.

Правяраюць не менш за 20% ад агульнай колькасці подпісаў. Напрыклад, з мільёна, здадзеных за Лукашэнку, камісіі абавязаныя нейкім чынам праверыць ажно 200 тысяч і маюць на гэта толькі дзесяць дзён. У кожнага з кандыдатаў для праверкі адбіраюць аднолькавы працэнт подпісаў.

Калі з абранай для праверкі колькасці подпісаў больш за 15% будуць несапраўднымі, камісія павінна выбраць яшчэ 15% з агульнага стосу і праверыць іх. А калі і там будзе больш за 15% падробак — усе здадзеныя за кандыдата подпісы камісія забракоўвае.

Прыклад: са ста здадзеных подпісаў правяраюцца дваццаць. Калі сярод іх знойдуць тры несапраўдныя, бяруць яшчэ пятнаццаць з сотні. І калі там будуць яшчэ два несапраўдныя, забракоўваецца ўся сотня здадзеных.

Спрабую зрабіць тое самае. Маю копіі 20 подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Таццяны Караткевіч і дзясятак — паплечнікамі Сяргея Гайдукевіча. Пільна аглядаю лісты пад павелічэннем. Адразу заўважаю, хто збіраў подпісы на пікеце, а хто — абыходзячы кватэры. У лісце Гайдукевіча адрасы падпісантаў размешчаныя блізка, часта ў адным доме — зразумела, што нехта абыходзіў кватэры, таму мае подпісы суседзяў. На копіях лістоў Караткевіч адрасы зусім розныя, але з аднаго раёна. Відаць, зборшчык стаяў у пікеце ў людным месцы. Почырк, якім ставіліся даты і самі подпісы, розны. Падазрэнняў не выклікае.

Але іду далей. Спрабую “прабіць” прозвішчы і адрасы па электронным тэлефонным даведніку Мінска. Большасць супадае, ажно нецікава робіцца. Хаця не ўсюды — па некаторых адрасах прозвішча падпісанта не супадае з тым, на якое зарэгістраваны нумар тэлефона. Набіраю адзін з такіх нумароў. Трубку здымае сталы мужчына, прашу яго паклікаць Ірыну Леанідаўну:

— Добры вечар, ці магу я паразмаўляць з Ірынай Леанідаўнай?

— Не, не можаце.

— Але яна жыве тут (называю адрас)?

— Так. Навошта яна вам?

— Я хачу праверыць, ці сапраўды яна падпісвалася за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Таццяны Караткевіч.

— Так, яна падпісвалася. Я таксама падпісваўся з ёй разам. Гэта праўда.

— Не памятаеце, калі і дзе гэта было?

— Ля метро “Каменная горка”. Там збіралі за Караткевіч і Лябедзьку. Мы разам падпісаліся.

Усё супадае — аблом. Альбо наадварот — поспех. З прафесійнай надзеяй знайсці фальсіфікацыі бяруся за лісты Сяргея Гайдукевіча, якія штаб патэнцыйнага кандыдата старанна ад мяне хаваў. Тэлефаную у кватэру на Лагойскім тракце ў Мінску, там хачу знайсці Алену Аляксандраўну. Яна, калі верыць лісту, падпісвалася за вылучэнне Сяргея Гайдукевіча кандыдатам у прэзідэнты ў сябе дома, 9 жніўня:

— Ало, я хацеў бы паразмаўляць з Аленай Аляксандраўнай.

— Так, гэта я.

— Я правяраю правільнасць дадзеных з падпісных лістоў за вылучэнне кандыдатаў на выбары. Ваша прозвішча ёсць у падпісным лісце Сяргея Гайдукевіча.

— Так, я падпісвалася.

— Можаце расказаць, як гэта было і калі?

— Калі, не скажу. Не памятаю. Прыходзіў хлопчык увечары, збіраў подпісы. Я падпісалася.

— Зразумела, дзякуй.

Такім чынам, я дазваніўся да шасці падпісантаў з амаль трох дзясяткаў. Усе яны пацвярджаюць, што подпісы насамрэч ставілі. Пагаварыць з рэштай аказалася складаней, чым выглядае — дазваніцца на хатні тэлефон ні вечарам, ні днём не атрымліваецца. Верагодна, з такой жа праблемай сутыкнуцца і супрацоўнікі выбарчых камісій.

Ці існуе магчымасць надурыць выбарчыя камісіі і “намаляваць” патрэбную колькасць подпісаў? Аб гэтым мяркуйце самі. Кандыдат на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў у каментарыі Еўрарадыё расказваў наступнае:

“Кожная структура мае старыя базы дадзеных. З папярэдніх выбараў, з нейкіх акцый, якія патрабавалі збору подпісаў. Гэтыя базы захоўваюць, “мадэрнізуюць” і пры неабходнасці выкарыстоўваюць. Яшчэ, што называецца, “на калене” малююць. Ёсць шмат спосабаў, ёсць сапраўдныя віртуозы гэтай справы. У выніку здаюць столькі, колькі трэба здаць. Я не кажу, што ўсе так робяць, але...”

Праверка сапраўднасці здадзеных у выбарчыя камісіі подпісаў скончыцца 31 жніўня. На 6 верасня ЦВК прызначыў пачатак рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі