Ерэван. Шпацыр па горадзе: парады турыстам
Фота: Грант Марынасян, JAMnews
Куды схадзіць у Ерэване, што паглядзець, якія фразы на армянскай вывучыць і што купіць перад ад'ездам, піша JAMnews.
Калі ў аэрапорце ў крамах Duty Free вы бачыце магніцікі ў выглядзе гранатаў і вінаграду, а таксама празрыстыя тары, напоўненыя водарам шашлыку або зямлёй, значыць, вы знаходзіцеся ў ерэванскім аэрапорце "Звартноц". Сардэчна запрашаем у Арменію.
Перад паездкай у Арменію пажадана вывучыць некалькі выразаў, якія дапамогуць вам разабрацца ў любой сітуацыі. Ведайце, што мужчыны вітаюць адзін аднаго словамі "барев, ахпер" [у перакладзе "прывітанне, брат"], незалежна ад таго, знаёмыя яны ці не. Калі да вас звернуцца "ахпер", не бянтэжцеся, гэта проста праява добразычлівасці.
Выраз "цавт танэм" [літар.: "вазьму твой боль сабе"] можа падацца дзіўным, але ён валодае чароўнай сілай і можа згладзіць любыя канфліктныя сітуацыі. А калі вам складана сказаць "цавт танэм", можаце замяніць яго на "мерных сртид" [літар. "Памру за тваё сэрца"].
Калі вы абмежаваныя ў сродках і не хочаце спусціць усё на таксі, запомніце выраз "пох чка" (грошай няма). І не здзіўляйцеся аднолькавым расповедам таксістаў: яны сапраўды "не былі таксістамі ўсё жыццё".
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў адрозненне ад еўрапейскіх гарадоў у Ерэване таксі дастаткова даступнае: праз увесь Ерэван можна праехаць за 3000 драмаў ($6). А грамадскі транспарт каштуе ўсяго 100 драмаў (20 цэнтаў).
Калі вы ўжо знаходзіцеся ў Ерэване або яшчэ толькі ў дарозе, шукаеце ў google цікавыя месцы, то гэты артыкул вам дапаможа.
Пачаць знаёмства з Ерэванам можна з самага сэрца сталіцы — плошчы Рэспублікі, дзе размешчаныя танцуючыя і спяваючыя фантаны, галоўныя куранты горада, Музей гісторыі і Нацыянальная галерэя.
Ад плошчы варта падняцца ўверх па вуліцы Абавяна, на якой можна ўбачыць некалькі старых будынкаў, пабудаваных з таго самага ружовага туфу, пра які спяваецца амаль ва ўсіх песнях пра Ерэван. Частка з іх, на жаль, не захавалася, але вуліца Абавяна ўсё адно перанясе вас у старую армянскую сталіцу.
На гэтай вуліцы можна знайсці мноства сувенірных крам, зайсці ў "Далан", купіць сувеніры з выявамі граната, вінаграду, абрыкоса, хачкароў [камень-крыж], дудука і біблейскай гары Арарат, што сімвалізуюць Арменію. За "Даланам" вы ўбачыце сапраўдны стары ерэванскі двор з драўлянай лесвіцай і кустамі вінаграду. Тут жа можна і павячэраць.
Пазнаёміцца з армянскай кухняй можна амаль усюды. У Ерэване поўна месцаў, дзе можна замовіць па-свойску прыгатаваную далму з вінаграднага лісця і ялавічыны, арысу — кашу з кураціны і пшаніцы, якую вельмі доўга вараць, спас — карысны для стрававання суп з мацуні, традыцыйны шашлык, загорнуты ў духмяны хрумсткі лаваш.
Працягнуць шпацыр можна па Паўночным праспекце, дзе вас чакае новы Ерэван: высокія будынкі, сучасная архітэктура, кавярні заходняга стылю, брэндавыя крамы.
Падчас шпацыру глядзіце па баках. Вы можаце сустрэць ерэванскую знакамітасць — дзядулю на ролікавых каньках па імені Лявон. Сэлфі з ім робяць усе маладыя людзі і турысты ў Ерэване. Дарэчы, звяртайцеся да яго толькі па імені — Лявон не любіць, калі яго называюць дзядулем.
Затым можаце прайсці да Нацыянальнага тэатра оперы і балета, дзе можна ўзяць напракат ровар і паездзіць вакол будынка некалькі кругоў — па плошчы "Свабоды". Але гэта атрымаецца, калі тут не будзе праходзіць чарговы мітынг якой-небудзь апазіцыйнай партыі.
А калі вы прыйдзеце сюды раніцай, то можаце сустрэць сівога чалавека ў вайсковай форме. Не спяшаецеся сыходзіць. Гэта ветэран вайны — дзядуля Сасун, які па раніцах корміць галубоў. Ён абавязкова прапануе вам далучыцца.
Недалёка ад опернага тэатра знаходзіцца так званы "Каскад", дзе ў летнія месяцы праходзяць вулічныя канцэрты, часцей за ўсё джаз-бэндаў. Ён акружаны не толькі сучаснымі кавярнямі, але і цікавымі ўзорамі сучаснай скульптуры.
Тут знаходзіцца цэнтр мастацтваў “Гафесчян”, дзе выстаўленыя шэдэўры сусветнага мастацтва. Дзякуючы яму, у парку "Каскад" устаноўленыя сучасныя скульптуры: "Рымскі воін" Фернанда Батэра, "Сядзячыя фігуры" Ліна Чэдвіка, "Заяц на звоне" Бары Фланагана.
Візуальна "Каскад" — гэта высокая лесвіца, кожны пралёт якой нагадвае своеасаблівы амфітэатр, адкуль адкрываецца цудоўны від на горад. Адсюль можна паглядзець і на начны Ерэван і, чаму б не, выпіць келіх армянскага віна ў размешчаных тут жа кавярнях.
Калі вы знаўца вінаў, то акрамя "Каскада" вам варта наведаць вуліцу Сар'яна, дзе вас пачастуюць віном у невялікіх вулічных кафэ.
Вы можаце нават убачыць, як робіцца армянскае віно і паспрабаваць яго проста з бочкі на Ерэванскім каньячна-вінна-гарэлачным камбінаце "Арарат". Тут для вас правядуць цікавую экскурсію, раскажуць пра паходжанне віна, тонкасці яго прыгатавання, а на вялікіх старых бочках вы зможаце пакінуць свой подпіс побач з аўтографамі знакамітасцяў, якія наведалі камбінат.
Вечар можна правесці ў адным з ерэванскіх пабаў або клубаў. Мясцовым падабаюцца падземныя пабы, у якіх можна выпіць піва, паслухаць жывую музыку: як армянскую, так і замежную, пазнаёміцца і пагутарыць з мясцовай моладдзю і іншымі турыстамі. На вуліцы Парпеці і бліжэйшых суседніх вулачках поўна пабаў. Тут вы зможаце знайсці месца на свой густ — у асноўным у падвальнай частцы высокіх будынкаў.
Перад ад'ездам не забудзьцеся купіць суджук, бастурму і лаваш: па дарозе яны не сапсуюцца, і іх можна спакойна спакаваць у чамадан.
ЦІГРАНУІ МАРЦІРАСЯН, JAMnews, ЕРЭВАН. ФОТАЗДЫМКІ: ГРАНТ МАРЫНАСЯН