Еўрадэпутат: Шмат хто кажа: "Не разумею сітуацыі ва Украіне, мне нецікава"
Ці ёсць у Еўрапарламенце лабісты Крамля, чаму большасць дэпутатаў не хвалююць Украіна і Беларусь, распавядае дэпутат ад Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс
Еўрарадыё: Ці актыўна ў Еўрапарламенце абмяркоўваецца вайна ва Украіне і як падзяліліся дэпутаты розных краін у сваіх ацэнках украінскіх падзей?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Гэта адно з самых галоўных пытанняў у Еўрапарламенце цяпер. У пачатку цяперашняй сесіі парламентарыі абмяркоўвалі розныя пытанні пра эканамічны крызіс. А цяпер амаль кожны тыдзень абавязкова Украіну — гэтая тэма самая галоўная. Што да падзелу… Прыбалтыйскія краіны, Літва, Латвія, Эстонія, падтрымліваюць Украіну ўсім чым толькі магчыма. Польшча таксама. А вось усе астатнія краіны адчуваюць сябе неяк… аддалена ад Украіны. Ім пастаянна трэба даводзіць, што мы, прадстаўнікі пералічаных краін, думаем пра ўкраінскія падзеі, і даносіць тое, што людзі Украіны думаюць.
Еўрарадыё: Маецца на ўвазе, што стаўленне такое: калі Украіна далёка, да прыкладу, ад Францыі ці Партугаліі, то іх вайна ў гэтай краіне не асабліва закранае?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Тут рэч не толькі ў геаграфіі. Яны ад Украіны далёка эмацыйна. Разважанні на ўзроўні: “Ну, гэта недзе там, а я не ведаю нікога з Украіны, я не ведаю гэтай краіны, я не разумею сітуацыю і мне гэта нецікава”. І вось гэта самая вялікая праблема.
Еўрарадыё: Я разумею, калі так разважае абывацель, але ж палітыкі павінныя глядзець далей!
Габрыэлюс Ландсбергіс: Разумееце, паўднёвыя краіны Еўропы вельмі доўга працавалі ў тэме краін Паўночнай Афрыкі: Марока, Алжыр… І для іх тэма Украіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі — вельмі новая. І гэта не тая тэма, якая можа даць лёгкія палітычныя дывідэнды. Наадварот, гэта тэма, якая патрабуе вялікай палітычнай волі. І таму нават людзі, якія ведаюць тэму і добра арыентуюцца ў тым, дзе геаграфічна знаходзіцца Украіна, стараюцца трымацца ад гэтай тэмы як мага далей, бо яна цяжкая.
Еўрарадыё: Але ж ёсць актыўныя палітыкі з Польшчы і прыбалтыйскіх краін — вашы аргументы да калег з іншых краін не даходзяць?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Рэч у тым, што не толькі мы ім тлумачым сітуацыю. Ёсць і іншыя палітыкі, якія даводзяць зусім іншае. Калі, да прыкладу, мы тлумачым, што ва Украіне цяпер вайна, то іншыя палітыкі, да прыкладу, з партыі Марын Ле Пэн, якія таксама маюць права выступаць на пленарнай сесіі, кажуць, што Расія тут ні пры чым, Пуцін ні пры чым. Таму неабходна казаць гучней і лепш, чым тыя, хто гаворыць за Расію.
Еўрарадыё: Лабісты Крамля ў Еўрапарламенце ёсць?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Ёсць, канечне.
Еўрарадыё: І што, абудзіць палітычнае сумленне ў такіх дэпутатаў не могуць нават сведчанні NATO, што ва Украіне адбываецца агрэсія з боку Расіі? Ці ім доказаў не хапае?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Фактаў больш чым дастаткова. Іх было дастаткова, калі пачалася акупацыя Крыма — ужо тады было ўсё бачна. І ўсе, хто хацеў, разумелі, што ўсё гэта азначае. Таму я не думаю, што рэч тут у недахопе фактаў. Але гэта вельмі добра, што NATO фіксуе і дэманструе ўсе гэтыя факты. Гэта таксама частка інфармацыйнай вайны.
Еўрарадыё: Наколькі важную ролю ў такой пазіцыі еўрапарламентарыяў адыгрывае энергетычная залежнасць іх краін ад Расіі?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Вельмі важную. Ні для кога не сакрэт, што Еўропа сядзіць на іголцы расійскіх газу і нафты. Але я думаю, што не было ў Еўропы лепшага шанцу гэта змяніць. І вельмі важна, што цяпер ідуць перамовы з ЗША пра тое, каб Еўропа магла набываць энергарэсурсы з іншага боку Атлантыкі. Калі гэта атрымаецца, то, я думаю, шмат што зменіцца.
Еўрарадыё: Палітолагі кажуць, што нават калі расійскія войскі дойдуць да Кіева, Еўропа наўрад ці наважыцца на сур’ёзныя дзеянні ў абарону Украіны…
Габрыэлюс Ландсбергіс: Я паўсюль задаю такое пытанне: “Калі тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, — гэта яшчэ не вайна, то калі будзе вайна? Якую сітуацыю мы называем вайной: такая вось колькасць людзей загіне — тады будзе вайна, а калі трохі менш, то яшчэ не?” І ўцямнага адказу не атрымліваю. Атрымліваецца, што калі сённяшнюю сітуацыю ва Украіне мы не можам назваць вайной, то і любую іншую не зможам назваць вайной. Мы нешта ўсё думаем, нам усё нешта незразумела і гэтак далей. У гэтым я бачу праблему.
Еўрарадыё: Можа, праблема яшчэ і ў тым, што ўлады Украіны ніяк не назавуць “антытэрарыстычную аперацыю” вайной?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Думаю, што ў іх таксама сітуацыя вельмі складаная. Але мы павінныя назваць рэчы сваімі імёнамі. Сёння менавіта гэтага не хапае з нашага боку.
Еўрарадыё: Ці павялічыў канфлікт ва Украіне пагрозу расійскай агрэсіі ў дачыненні да прыбалтыйскіх краін?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Пра гэта пачалі гаварыць, разважаць і абмяркоўваць, гэта вельмі добра. Сёння мы пачалі думаць пра нашу бяспеку ў 100 разоў больш, чым раней. На самай справе я не думаю, што Крэмль стаў да такой ступені вар’ятам, каб нешта зрабіць у дачыненні да краін NATO. Але тым не менш мы цяпер павінныя значна больш увагі надаваць нашай бяспецы.
Еўрарадыё: На пасаду Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі абралі прадстаўніцу Італіі — краіны, вельмі далёкай ад Украіны. Ці зможа спадарыня Федэрыка Магерыні зразумець праблемы нашага рэгіёна?
Габрыэлюс Ландсбергіс: У гэтай сітуацыі мяне вельмі радуе тое, што прэзідэнтам Еўрапейскага савета стаў Дональд Туск. Мы ведаем яго пазіцыю і па Украіне, і па Расіі, і гэта дазваляе нам глядзець на сітуацыю аптымістычна. Думаю, ён будзе прыглядаць за сваімі калегамі.
Еўрарадыё: Прыглядаць будзе, а паўплываць на тую ж Федэрыку Магерыні зможа?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Я думаю, што зможа. Увогуле, дзякуючы Туску гэты рэгіён, праблемы Украіны, Беларусі, Малдовы не застануцца па-за ўвагай ЕС.
Еўрарадыё: Калі ў Еўрапарламенце такія настроі, то спадзявацца на тое, што дэпутаты прапануюць увесці дадатковыя санкцыі супраць Расіі, не выпадае?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Заўтра (размова адбывалася вечарам 1 верасня — Еўрарадыё) у нас будзе пасяджэнне, прысвечанае выключна Украіне. І я буду гаварыць, што патрэбныя новыя санкцыі. Найперш гэта тычыцца продажу “Містраляў” Расіі. Увогуле, я буду настойваць на забароне продажу Расіі ўсіх мілітарных рэчаў, а таксама на ўвядзенні ці пашырэнні санкцый у энергетычным і фінансавым сектарах. Гэта тое, што вельмі важна сёння для Масквы. І, я думаю, ёсць вялікія шанцы, што новыя санкцыі пройдуць.
Габрыэлюс Ландсбергіс са сваім дзядулем, былым еўрадэпутатам Вітаўтасам Ландсбергісам
Фота з архіва Габрыэлюса Ландсбергіса
Флэш-моб Габрыэлюса Ландсбергіса ў падтрымку Украіны: