Еўрарадыё падтрымае 5 сацыяльных праектаў — пераможцаў Social Weekend

Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend 2013 праходзіў з 1 кастрычніка па 3 лістапада. Кожны жадаючы мог падаць заяўку на невялікі грант для рэалізацыі сваёй сацыяльнай ініцыятывы. У фінал конкурсу выйшлі 22 абсалютна разныя праекты: ад арганізацыі турніру па настольным тэнісе паміж дзіцячымі дамамі і будаўніцтва вальераў для бяздомных сабак да сэрвісу па пошуку спадарожнікаў і “біржы працы” для падлеткаў.

Самы вялікі грант — ад кампаніі velcom — атрымаў праект Stop WEB Disability, які дае танную магчымасць карыстацца камп'ютарам для людзей, якія не могуць рухаць рукамі. Напрыклад, браўзарам можна кіраваць, рухаючы тварам і даючы галасавыя каманды. Выкупіць гэтую распрацоўку прапаноўвалі сусветна вядомыя IT-кампаніі. Але хлопцы адклалі ўсе перамовы да часу, пакуль не будзе скончаная і выкладзеная ў інтэрнэт бясплатная прылада для інвалідаў:

“У асноўным, такія праекты людзі набываюць, каб выкарыстоўваць у сваіх мэтах. У нас цікавяцца, як можна ў геймерскіх мэтах гэта выкарыстоўваць, вытворцы камп'ютарных гульняў цікавяцца, — распавёў Еўрарадыё Зміцер Дудзін, адзін з распрацоўшчыкаў Stop WEB Disability. — Мы вельмі баімся, што калі мы зараз пяройдзем некуды, да некага, нашая ідэя дапамогі людзям з абмежаваннямі распадзецца”.

Адразу два прызы — ад “МаеСэнс” і StartIdea — узяў пошукавы атрад “Анёл”. Сярод іншых пераможцаў — праекты па працы з дзіцячымі дамамі “Першы крок разам”, “Настольны тэніс”, “Белы фестываль; валанцёрскі клопат аб бяздомных сабаках DogHouse і “Яны маюць права жыць”, дабрачынная крама KaliLaska; ініцыятывы “Дабрыня ў Брэсце” і Teenwork.

“Для фінансавання найчасцей выбіраюць тыя праекты, дзе ёсць канчатковая мэта, — каментуе для Еўрарадыё сузаснавальнік “МаеСэнс” і аўтар ідэі Social Weekend Дзяніс Кандратовіч. — Дзе яна дасяжная ў агляднай будучыні, дзе зразумела, што ты вылучаеш, што ёсць завяршэнне ў гэтым усім. А абстрактныя праекты, у якіх ты робіш свет лепшым і недзе ў неагляднай будучыні фінал гэтага, фінансуюць неахвотна. Калі ўвогуле фінансуюць”.

Пяцёра пераможцаў атрымаюць інфармацыйную падтрымку і бясплатныя банары ад Еўрарадыё. Гэта:

“Белы фестываль” — праект, у якім студэнты Універсітэта культуры праводзяць заняткі для дзетак з абмежаваннямі ў развіцці. Вынікам будзе супольная сцэнічная дзея;

“Культура пачынаецца з цябе” — чатыры відэаролікі на беларускай мове, закліканыя “разварушыць” беларусаў і даказаць, што і адзін у полі ваяр;

KaliLaska — крама “непатрэбных” рэчаў, якія перанакіроўваюцца ў дабрачынныя арганізацыі;

Teenwork — пошук вакансій для падлеткаў;

і, натуральна, згаданы вышэй Stop WEB Disability.

Мы выбралі з 22 фіналістаў тыя праекты, якім найбольш неабходная падтрымка, пра якія важна даведацца нашым слухачам і пра якія можна зрабіць цікавыя сюжэты для радыёэфіра. І галоўнае — якія прыносяць карысць грамадству і робяць людзей шчаслівымі.

На фота: фіналісты і журы Social Weekend 2013.

Фота: Сяргей Ільін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі