Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі чарговы смяротны вырак у Беларусі

Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі чарговы смяротны вырак у Беларусі

Еўрапейскі Саюз і Савет Еўропы асудзілі чарговы смяротны прысуд, вынесены ўчора ў Беларусі. 

З афіцыйнай заявай з гэтай нагоды выступіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы вонкава-палітычных сувязяў Мая Качыянчыч. Яна нагадала, што Беларусь засталася апошняй краінай у Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. 

"Пакаранне смерцю не служыць фактарам стрымлівання для злачынства, а любыя памылкі становяцца незваротнымі. Гэта жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае пакаранне і парушэнне права на жыццё, замацаванага Сусветнай дэкларацыяй правоў чалавека", — падкрэсліла Качыянчыч. Яна чарговы раз заклікала ўвесці мараторый на ўжо вынесеныя смяротныя прысуды. 

Таксама з асуджэннем смяротнага выраку ў Беларусі выступіў і Савет Еўропы. Пра гэта ў твітары напісаў прэс-сакратар Даніэль Гольтген: "Смерць — гэта не справядлівасць. Мы яшчэ раз заклікаем улады ўвесці мараторый на ўжыванне смяротнай кары як першы крок да яе скасавання".

Як распавядала Еўрарадыё, у Віцебску 30 ліпеня быў вынесены смяротны прысуд Віктару Паўлаву, які забіў дзвюх сясцёр-пенсіянерак. Ён забіў іх паленам, калі прыйшоў купіць выпіўку. 

Гэта другі смяротны прысуд у Беларусі ад пачатку 2019 года. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі