Фактчэкінг: Ці патрацілі грошы "дармаедаў" на дзяцей?

Фактчэкінг: Ці патрацілі грошы "дармаедаў" на дзяцей?

У сакавіку Лукашэнка абяцае, што ўсе грошы, якія былі сабраныя праз “дэкрэт аб дармаедах” павінны застацца ў раёных бюджэтах і быць накіраваныя выключна на дзяцей. А кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх саветаў павінен даць справаздачу наконт гэтых грошай.

На мінулым тыдні намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка паведамляе, што падатковыя пачалі вяртаць грошы “дармаедам”. Што праўда, у падатковых пра гэтае не ведаюць. А ці сапраўды грошы ад падатка пайшлі на дзяцей? Вось якія адказы Еўрарадыё атрымала ў раёнах.

Крупскі выканкам, Юлія Камарова, намесніца старшыні па эканоміцы:

"У нашым раёне 87 чалавек заплацілі збор, атрымалася каля 23 тысяч рублёў. Усе павінны былі накіравацца на школы, таму што праходзяць па сацыяльным артыкуле бюджэту. Але мы пакуль іх нікуды не трацілі, таму што цяпер жа аказалася, што іх трэба будзе вяртаць, тым хто працаўладкаваўся ў 2017 годзе. Цяпер у нас быццам бы ў падатковай ляжыць адна заява на вяртанне грошай, але мы пакуль не можам на яе адказаць, таму што ў нас няма інструкцыі аб тым, як гэта вяртаць, на падставе чаго".

Смаргонскі выканкам, Генадзь Харужы, старшыня выканкама:

"У нас на раёне Дэкрэт зусім не шмат чалавек закрануў, дзесьці пяць чалавек, больш-менш добрая абстаноўка. А тут яшчэ літаральна тыдзень таму навіна аб вяртанні гэтых грошай, і нашы спецыялісты цяпер працуюць над гэтым".

Жлобінскі выканкам, Аляксандр Макееў, начальнік аддзела фінансаў:

"Агульная сума збораў у Жлобінскім раёне ― 98 тысяч рублёў. Але справа ў тым, што на дзяцей гэтыя грошы не пойдуць. Выйшаў ж новы дакумент прэзідэнта, дзе гэтыя грошы трэба вярнуць (на самой справе, ніякага дакумента пакуль няма, ― Еўрарадыё). Тыя грошы, што мы атрымалі ад людзей, пайшлі ў бюджэт, і былі размеркаваныя на фінансаванне расходаў, яны ж там змешваюцца, і таму пайшлі на фінансаванне аховы здароўя, адукацыі. А так, канкрэтна на нешта адно яно не ішло".

Брэстскі выканкам, Ігар Лабада, начальнік аддзела эканомікі:

"Я не маю інфармацыі наконт грошай са збораў дэкрэта №3. А нават калі б яна ў мяне і была, я б вам яе ўсё роўна не сказаў ".

У Мінскім, Гомельскім, Ашмянскім раёнах нават не ведаюць пра ўказанне кіраўніка краіны накіраваць грошы “дармаедаў” дзецям: "Тэлефануйце ў падатковую, мы гэтым не займаемся і нічога пра гэта не ведаем".

Збор “за дармаедства” заплацілі 51,6 тысячы чалавек. Усяго бюджэт атрымаў ад “дармаедаў” ужо 15,6 мільёна рублёў. Паведамленні на выплату збору атрымалі больш за 470 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі