Федэрацыя гандбола папракнула клуб "Віцязь-Леон" нявыплачанымі ўнёскамі

Федэрацыя гандбола папракнула клуб "Віцязь-Леон" нявыплачанымі ўнёскамі

Беларуская федэрацыя гандбола выступіла з адмысловай заявай наконт сітуацыі з клубам "Віцязь-Леон". 

Як распавядала Еўрарадыё, гульцы гандбольнага клуба "Віцязь-Леон" падтрымалі арыштаваную на 15 сутак баскетбалістку Алену Леўчанка і 30 верасня не выйшлі на матч з магілёўскім клубам "Машэка". За гэта мінскі клуб быў зняты з чэмпіянату Беларусі.

У БФГ заяўляюць, што няяўка каманды на гульню можа тлумачыцца толькі форс-мажорнымі абставінамі. "Вышэйпаказаныя наўмысныя дзеянні клуба "Віцязь-Леон" не маглі быць прызнаныя як форс-мажорныя абставіны (напрыклад, землятрус, паводка, пажар і т.д.)", — кажуць у гандбольнай федэрацыі.

Рашэнне пра адхіленне мінскага клуба ад чэмпіянату было прынятае на сумесным пасяджэнні Спартыўна-тэхнічнай і галоўнай судзейскай камісій. Хаця, падкрэсліваюць у БФГ, спартыўна-тэхнічная камісія мела права і самастойна прыняць такое рашэнне. Прычым Палажэнне аб чэмпіянаце не прадугледжвае іншай меры пакарання. 

Пасля гэтага кіраўніцтва БФГ выставіла да клуба "Віцязь-Леон" фінансавыя прэтэнзіі. Маўляў, на пачатку існавання клуба два сезоны (2017/2018 і 2018/2019) яго вызвалялі ад выплаты ўступных унёскаў за ўдзел у чэмпіянаце. 

"У сезонах 2019/2020 і 2020/2021 гг. па просьбе клуба прымененая адтэрміноўка плацяжоў. Пры гэтым у бягучым сезоне каманда правяла ўжо 6 матчаў, а першы абумоўлены транш узносаў па цяперашні час у адрас Федэрацыі не паступіў. Больш за тое, у сезонах 2018/2019, 2019/2020 гг. пры садзейнічанні Федэрацыі ўказаны клуб быў вызвалены ад аплаты арэнды спартыўнай залы ў РЦАР па гандболе", — пералічвае федэрацыя.

Дарэчы, пасля свайго грамадзянскага ўчынку "Віцязь-Леон" застаўся і без спартовай залы, дзе праводзіў трэніроўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі