Фільм "Барбі" стаў самым касавым у 2023 годзе, ужо зарабіўшы $1,3 мільярды
Марго Робі ў ролі Барбі / Warner Bros.
"Барбі" стаў самым касавым фільмам 2023 года, зарабіўшы па выніках уікэнда 1,36 мільярда долараў у сусветным пракаце, піша Collider.
Адзнаку ў мільярд долараў камедыя Грэты Гервіг пераадолела ўсяго за 17 дзён паказу ў кінатэатрах. І цяпер гэта самы паспяховы рэліз для Warner Bros.: "Барбі" абыйшла па зборах папярэдніх рэкардсменаў студыі — карціны "Цёмны рыцар" і "Гары Потэр і Дарункі Смерці. Частка 2".
Да гэтага лідарам пракату была анімацыйная карціна "Браты Супер Марыа ў кіно", якая зарабіла 1,358 мільярда долараў.
Акрамя таго, "Барбі" стала самай касавай у гісторыі стужкай, знятай жанчынай-рэжысёркай.
У Беларусі паказ "Барбі" пакуль пад пытаннем. Пра гэта піша тг-канал "Святы Белавуд", спасылаючыся на "Кінавідэапракат". На дадзены момант сярод прэм'ер сеткі кінатэатраў "Кінавідэапракат" Мінска значыцца толькі "Опенгеймер" (пірацкая версія), "Барбі" ў афішы адсутнічае.
У Расіі абодва фільмы мясцовы Мінкульт прызнаў непажаданымі для паказу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.