Фільммэйкер: Большасць конкурсных прац з Беларусі мілая, але аматарская

Падобны фестываль у Мінску праходзіў упершыню. У ім удзельнічалі 200 фільмаў з 35 краін, з іх - 50 твораў з Беларусі. Агулам арганізатары прэзентавалі. “Cinema Perpetuum Mobile” – першы фестываль, які ўваходзіць у буйнейшую базу фестываляў Withoutabox, які аб’ядноўвае больш за 3 тысяч кінафестываляў і трыста тысяч фільммэйкераў. Адна з мэтаў фестывалю – прасоўванне незалежнага кінематографа.

120116 KrasikauS.mp3


Еўрарадыё: Які ўзровень фільмаў, прадстаўленых на фестывалі?


Сяргей Красікаў: Я быў прыемна здзіўлены якасцю фільмаў. Вельмі часта на кінафестывалях, на якія я езджу, колькасць фільмаў, якія мяне не кранаюць, значна большая.

Еўрарадыё: А чаму, на вашую думку, сёлета фільмы былі лепшай якасці?


Сяргей Красікаў: Фільмы не сталі лепшымі, проста лепш быў праведзены адбор. Людзі з фестывалю, напэўна, атрымалі некалькі соцень заявак і выбралі лепшае. Добрых фільмаў заўжды робіцца шмат, пытаньне ў тым – якія адбіраюцца для паказу на фестывалях.

Еўрарадыё: Галоўная праблема ў гэтай галіне, на вашую думку, у адборы фільмаў?


Сяргей Красікаў: Канешне. За год кароткаметражных фільмаў робіцца 5-10 тысяч па ўсім свеце. З іх вельмі шмат добрых.

Еўрарадыё: А якія складанасці ў стваральнікаў такіх фільмаў?


Сяргей Красікаў: Адна з галоўных праблем – фінансаванне, бо амаль усе кароткаметражныя фільмы – гэта некамерцыйныя праекты. Але ўсё адно яны каштуюць дастаткова шмат, каб зрабіць іх якасна, трэба прысвяціць гэтаму шмат часу і грошай. Часам нават вельмі добрыя фільмы церпяць ад непадрыхтаванасці акцёраў, ад тэхнічных праблемаў.

Еўрарадыё: Хто можа быць зацікаўлены ў фінансаванні такіх фільмаў?


Сяргей Красікаў: Кароткаметражныя фільмы - гэта часта візітоўка для рэжысёра. Пасля некалькіх паспяховых кароткаметражак, асабліва ў Амерыцы, прасцей знайсці фінансаванне для поўнаметражных праектаў. Для рэжысёраў гэта таксама спосаб адточвання свайго майстэрства працы з акцёрамі, працы з камерай, працы са сцэнаром. Можна назваць гэта вучэбнымі праектамі, якія паказваюць, што рэжысёр ведае, што робіць.

Еўрарадыё: А для спонсара які сэнс дапамагаць маладому рэжысёру?


Сяргей Красікаў: Спонсары дзеляцца на дзве групы. Адны падтрымліваюць з любові да мастацтва, і вераць што грамадства без мастацтва – кульгавае і няправільнае. Гэта найлепшыя спонсары. Другая частка – праз спансараванне кароткаметражак стварае піяр і рэкламу сабе. Напрыклад, кава Illy вельмі шмат укладае ў кароткаметражныя фільмы, бо яна спрабуе стварыць такім чынам кола спажывальнікаў кавы.

Еўрарадыё: Ці адрозніваюцца беларускія кароткаметражкі ад іншых? У чым наша спецыфіка?


Сяргей Красікаў: У такіх краінах, як Польшча, Чэхія, Расія, больш развітыя пазіцыі кінематографа і больш магутныя кінашколы і іх больш. Таму чыста тэхнічны ўзровень і ўзровень акцёрскага майстэрства аказаўся вышэйшым, калі меркаваць па той падборцы, якую я бачыў. Быў адзін беларускі фільм, які мне вельмі спадабаўся, які быў зняты на высокім узроўні і з тэхнічнага боку і з акцёрскага, і непрадказальнасць сцэнару, і ўнутраны гумар. Ён называецца “Змярканне”. Ён канкурэнтназдольны. Некаторыя іншыя былі мілыя, але зробленыя вельмі па-аматарску. Хаця ўсе калісьці пачынаюць. І рэжысёр, што зрабіў аматарскі фільм з любоўю, наступны фільм зробіць ужо на вышэйшым узроўні. Было некалькі фільмаў з харошай ідэяй, харошай працай з акцёрамі, але з недастатковымі рэсурсамі, каб быць кінематаграфічна цікавымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі