Філосаф у турме, яго ідэі — у фэйсбуку: што робяць аднадумцы Мацкевіча

Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё
Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё

Пасля арышту беларускага філосафа Уладзіміра Мацкевіча яго калегі і аднадумцы арганізавалі кампанію "Філосаф за кратамі". "Сутнасць у тым, каб стварыць эфект прысутнасці Мацкевіча ў публічнай прасторы. Яго ідэі заўсёды адыгрывалі важную ролю", — тлумачыць ідэю адзін з удзельнікаў кампаніі.

Нагадаем, што філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня. Пасля 10 сутак на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. А потым абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Калі перастанем гаварыць — гэта пачатак канца
 

Удзельнікі кампаніі "Філосаф за кратамі" атрымліваюць ад палітвязня Мацкевіча адказы на актуальныя пытанні, распаўсюджваюць іх у сацсетках, а таксама дапамагаюць журналістам арганізаваць інтэрв'ю з філосафам.

— Мы хочам, каб ідэі Мацкевіча працягвалі працаваць. Да таго ж вызваленне самога Мацкевіча магчымае, калі беларускае грамадства працягне супраціўляцца і ў перспектыве перамагаць.

Таксама непасрэдная ідэя Мацкевіча перад арыштам — гэта зрыў або недапушчэнне рэферэндуму па Канстытуцыі. Мы працягваем распаўсюджваць яго думкі на гэты конт. Толькі ад беларусаў залежыць, пройдзе рэферэндум ці не, — расказвае ўдзельнік кампаніі палітолаг Андрэй Ягораў.

Философ в тюрьме, его идеи — в фейсбуке: что делают единомышленники Мацкевича
Андрэй Ягораў / Еўрарадыё

Пакуль што кампанія толькі "разгортваецца", але яе ўдзельнікі спадзяюцца на ўцягванне ў яе новых палітычных сіл і грамадзян.

— Ці ўмешваецца цэнзура ў вашы зносіны з Уладзімірам Мацкевічам?

— Так, вядома, лісты даходзяць дрэнна. Але ўсё роўна ёсць магчымасць атрымліваць ад яго адказы. Бабарыка і Калеснікава ж таксама каментуюць рэгулярна апошнія падзеі.

— Якія ёсць формы ўдзелу ў кампаніі?

— Можна пісаць лісты, рабіць допісы, рэпосціць іх, далучацца да кампаніі валанцёраў.

— Бяспечна гэта, як думаеце?

— Гэтую рызыку кожны сам вызначае для сябе. Але мы лічым, што гэта неабходна. Сам Мацкевіч заўсёды адкрыта размаўляў, што б ні было, не баяўся. Нам трэба падтрымліваць гэтую практыку. Калі мы нават гаварыць не будзем, то гэта пачатак канца ўсяго. Масавыя формы ўдзелу зніжаюць гэтыя рызыкі.

Піша кнігу і эсэ
 

— Якія апошнія навіны ад Уладзіміра Мацкевіча? Як ён сябе адчувае?

— Мы ведаем, што ён у адзіночнай камеры. Добра сябе адчувае, бадзёры. Ён мае магчымасць атрымліваць навіны, але не так рэгулярна, вядома, як на волі. Сабраўся пісаць эсэ і кнігу. Жартуе, што жанр турэмнай літаратуры — гэта асаблівы жанр. Кажа, што ўсім трэба думаць і дзейнічаць.

Адна з апошніх публікацый кампаніі "Філосаф за кратамі" называецца "Тры тэзісы пра будучы рэферэндум".

— Правядзенне ўсякіх выбараў і рэферэндумаў ва ўмовах татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці, знішчэння незалежных СМІ, тысяч палітвязняў, шырокамаштабных рэпрэсій, невыканання законаў — гэта злачынства. Калі з гэтым пагадзіцца без агаворак, выключэнняў і кампрамісаў — можна рухацца далей. Калі ёсць выключэнні, агаворкі, сумневы ў гэтай ацэнцы — тады мы можам спрачацца да бясконцасці і губляцца ў нюансах, — так гучыць адзін з тэзісаў Мацкевіча.

Философ в тюрьме, его идеи — в фейсбуке: что делают единомышленники Мацкевича
Кампанія "Філосаф у турме" / фэйсбук

Уладзімір Мацкевіч — гэта беларускі філосаф і метадолаг, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, старшыня рады Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь".

Таксама Мацкевіч — сузаснавальнік беларускага Лятучага ўніверсітэта і аўтар кніг "Палемічныя эцюды пра адукацыю", "Беларуская дэмакратыя: насуперак відавочнасці", "Задзірлівае маўчанне" і іншых, а таксама шматлікіх публікацый па пытаннях палітыкі, культуры і трансфармацыі адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі